буя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. Бурна расці; пышна красаваць. Ярына на полі буяла, высыпала. Чорны. [Ніну] ўразіла, што навокал гэтага спусташэння яркай вясковай зелянінаю, бела-ружовым цветам буялі дзе-нідзе ўцалелыя яблыні. Мележ. // перан. Жыць, красавацца. [Арцюшыха] усім сэрцам разумела маладую жанчыну, жыццё якой пераламалася акурат тады, калі яму сама трэба буяць. Сабаленка.

2. Расці ў націну (пра бульбу, памідоры і пад.), у салому (пра жыта, пшаніцу і пад.); разрастацца на шкоду плоданашэнню. Бульба ў агародзе буяе. □ Цяпер там [на балоце] буйным коласам долу нікне жыта, зялёным шоўкам разгарнуліся травы, густым лесам буяе кукуруза. Дуброўскі. Унізе быў даволі глыбокі яр, у якім густа буялі вялікія і дробныя дрэвы. Мележ.

3. Буяніць, бушаваць. Калі на жоўтым полі буяюць вятры, калі навальніца цісне грудзі зямлі, тады жыта ламаецца, а ў пачуццях чалавека роспач. Каваль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)