Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лато́, нескл., н.

Гульня, удзельнікі якой закрываюць фішкамі названыя нумары або малюнкі на асобых картах (выйграе той, хто першым закрые ўсе нумары або малюнкі на такіх картах). Гуляць у лата. □ Хто ў прэферанс захоплена гуляе, Хто забаўляецца ў вясёлае лато. А. Александровіч.

[Фр. loto.]

лато́к, ‑тка, м.

1. Адкрыты прылавак для гандлю на вуліцы. Змітрок спыніўся, потым падышоў да латка, дзе прадаваліся папяросы. Ваданосаў.

2. Тое, што і латак (у 1 знач.). Алёша прыпыняе камбайн і любуецца, як цераз латок льецца з бункера ў скрыні жывы і вясёлы струмень збожжа. Шамякін.

3. Прыстасаванне ў выглядзе каўша, карыта для прамыўкі пароды пры разведачных работах.

лато́чнік, ‑а, м.

Разм. Прадавец з латка.

лато́чніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да латочнік.

лато́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да латка (у 1 знач.). Латочны гандаль. // Які прадаецца з латка. Латочны тавар.

латру́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рузе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. лаянк. Лодар, гультай; п’яніца. [Дземідзенка:] — Такі ўжо, скажу вам, латруга, не паспее падняцца з пасцелі — падавай гарэлку. Асіпенка.

лату́к, ‑у, м.

1. Пустазелле сямейства складанакветных з дробнымі бледна-жоўтымі кветкамі, сабранымі ў суквецце (выкарыстоўваецца ў медыцыне).

2. Травяністая агародная расліна, лісце якой ужываецца ў ежу ў сырым выглядзе — від салаты.

[Лац. Lactuca.]

лату́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да латуку. Латукавае лісце. // Які здабываецца з латуку. Латукавая кіслага.

лату́невы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да латуні. // Зроблены з латуні. Латуневая трубка. Латуневая пасуда.

лату́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і латуневы.