ла́тачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Памянш. да лата 1.
латашы́ць, ‑ташу, ‑тошыш, ‑тошыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Ірваць без разбору, псуючы і спусташаючы. Латашыць яблыкі. Латашыць суседскі гарох. □ Мы латашылі ўсё, што трапляла пад руку: бручку, моркву, цыбулю, часнок, памідоры. С. Александровіч.
2. Знішчаць, з’ядаючы і топчучы. Латошаць коні канюшыну. // Спусташаць. Рыгор з Паўлам накіраваліся ў лес. — Латошаць лес, як траву! — пашкадаваў Павал. — Што ж, лес сякуць — трэскі ля[ця]ць! Гартны. // Рабаваць. Латашыць чужыя клункі.
3. перан. Біць, лупцаваць. Як скоціцца .. [дзед], як пагоніцца за хлопцамі, як пачне латашыць кульбаю! Колас.
латві́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Латвіі. Латвійскі пейзаж.
латві́йцы, ‑аў; адз. латвіец, ‑війца, м.; латвійка, ‑і, ДМ ‑війцы; мн. латвійкі, ‑віек; ж.
Насельніцтва Латвійскай ССР.
ла́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Тое, што і лата 1. Кароткі кажушок, які некалі меў белы колер, цяпер быў зямліста-шэры, аблеплены латкамі рознай велічыні, гатунку і формы. Колас.
2. Пра што‑н. невялікага памеру. [Цётка Куліна:] — Ці ж гэта аўчына, што з яе каўнер выкраіш. Латка адна. Жычка.
латко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да латка.
ла́тны 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да латы 2. Латны цвік.
ла́тны 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да латаў.