інтуры́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да інтурыста. Інтурысцкі аўтобус.
інты́м, ‑у, м.
Разм. Пра інтымныя адносіны, інтымную абстаноўку.
інты́мнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць інтымнага. Інтымнасць перажыванняў. Інтымнасць адносін.
інты́мнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Весці інтымныя размовы, дапускаць інтымнасць у абыходжанні. [Красуцкі] не інтымнічае ад таго, што рана раскрываць свае карты. Нічога яшчэ ён не дамогся. Навуменка.
інты́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Глыбока асабісты, патаемны, запаветны. Інтымнае жыццё. □ Лясніцкаму не заўсёды падабаліся жарты камандзіра і асабліва яго празмерная цікавасць да асабістых інтымных перажыванняў і пачуццяў камісара. Шамякін. Такая ўзнагарода была для Сушкевіча нечаканай. Праўда, былі іншы раз думкі аб гэтым. Але гэта былі самыя інтымныя думкі, якіх ён саромеўся нават сам. Дуброўскі. // Які датычыцца пачуццяў; сардэчны, любоўны. Інтымныя прыгоды. Інтымная лірыка. □ [Змітрок] ведаў, што пра Іну.. [Галі] расказваў Іван. Але не тое, што дзяўчына ведае аб яго інтымных справах з Інай, непакоіла яго. Ваданосаў.
2. Блізкі, сяброўскі, сардэчны. Анцыпік як бы прадчуваў замах свайго суседа і стараўся ўхіліцца ад усякіх адкрытых і інтымных гутарак. Колас. Успаміны-развагі паэта ўзрушаюць асабліва таму, што вядуцца яны ў вельмі даверлівым, інтымным тоне, надзвычай проста і натуральна. Ярош.
[Фр. intime.]
інтэграва́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Знайсці (знаходзіць) інтэграл пэўнай функцыі.
2. Кніжн. Аб’яднаць (аб’ядноўваць) часткі чаго‑н. у адно цэлае.
[Ад лац. integrare — узнаўляць.]
інтэгра́л, ‑а, м.
Паняцце ў матэматыцы аб цэлай велічыні як суме сваіх бясконца малых частак.
[Ад лац. integer — цэлы.]
інтэгра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да інтэграла. Інтэгральнае вылічэнне. Інтэгральныя ўраўненні.
2. Кніжн. цэласны, адзіны.
інтэгра́тар, ‑а, м.
Прыбор для механічнага вылічэння плошчаў і інш.
інтэгра́цыя, ‑і, ж.
Кніжн. Аб’яднанне ў адно цэлае якіх‑н. частак. Эканамічная інтэграцыя сацыялістычных краін.