турбі́ншчык, ‑а, м.
Той, хто будуе турбіны, працуе на турбіне.
турбо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.
1. Заклапочанасць чым‑н., неадольнае жаданне ажыццявіць што‑н. Больш за дзесяць гадоў назад пачала мне карцець адна турбота: напісаць аб .. [Коласе] аповесць. Лужанін. Турбота аб механізацыі — гэта ў першую чаргу турбота аб цукровых бураках. На буракі хціва нападае рознае зелле. Пестрак. // Пастаянная руплівасць. А дома з дзецьмі была маці. Яе жаночая работа І гэта вечная турбота То каля печы, то на полі, Сказаць, не зводзіцца ніколі. Колас. Калі над мужам навісала якая-небудзь бяда, — [Вера Антонаўка] рабілася адданай, поўнай турбот і клопатаў аб ім. Карпаў. // Неспакой. Гену ўсё больш брала турбота, што ў матчынай сяброўкі свой клопат, а яна ходзіць з ім, нечаканым госцем. Арабей.
2. звычайна мн. (турбо́ты, ‑бот). Клопаты, розныя справы. Ці мала ў .. [Паходні] турбот: паездка ў адстаючы сельсавет па заданню райкома, чарговая лекцыя ў палітшколе або даклад перад калгаснікамі. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Ходзіць вецер вясёлы па санных шляхах, Мусіць, пільныя мае турботы — Снег атрэсці з дрымучых лясоў, на палях Разбурыць снегавыя сумёты. Ляпёшкін. // Прычыненне каму‑н. клопату сваім наведваннем, просьбай. [Жэня:] — Дзякую, гаспадыня, прашу прабачыць за турботы. Новікаў. Не разумеў я, чаму лычка кілбасы бацька аддае гаспадыні .. — За турботы, панечка, — тлумачыў бацька. І калі забірала гаспадыня тую кілбасу, бацька ўздыхаў, і я зноў не разумеў: ад радасці гэта ці ад смутку. Скрыган. // Работа, занятак. Мазалі і таўшчыня былі яркім наказам таму, ці пальцы мелі многа турботы ў нялюбай падзённай працы. Бядуля. Турботы было не толькі нагам, але і рукам: вакол хмарамі звінелі, апаноўвалі асатанелыя камары, амаль безупынна даводзілася адмахвацца ад іх, біць. Мележ.
турбо́тлівасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць турботлівага. На пастарэлы твар маці, падобны вельмі да сынавага, паплыла турботлівасць з налётам ледзь прыкметнага гневу. Пестрак.
турбо́тлівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і турботны. [Андрэй] услухоўваўся ў тон яе [Вольгі] голасу — нейкі турботлівы, з ноткамі захаплення. Пестрак.
турбо́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць турботнага; турбота, клапатлівасць. Яніна дапаўняла Фёдара сваёй працавітасцю і турботнасцю, сваёй лагодаю, якая часта бывае даражэй любога пачастунку. Кірэенка.
турбо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які турбуецца аб кім‑, чым‑н., клапоціцца пра каго‑, што‑н. Турботы чалавек. / у паэт. ужыв. Турботны родны дом Шчаслівых не пабудзіць. Голуб. // Які адлюстроўвае неспакой, хваляванне. Цімох углядаецца, пазірае пільней .. З яго твару сходзіць турботная заклапочанасць, проблескі дзікай радасці праменяцца ў яго цёмных бліскучых вачах: з высокай вежы палаца .. паплыў борзда ўгору белаваты дым. Колас. Белы колер халата і шапачкі .. вельмі ж неяк ідзе да .. вялікіх, чорных, .. турботных вачэй [Ганны Пятроўны]. Брыль.
2. Напоўнены рознымі турботамі, неспакойны. Сёння ў Машы вельмі турботны дзень: трэба спакаваць хатнія рэчы, бо заўтра досвіткам выязджаюць! Гроднеў. Прыемна і самому заадно з .. [Януком] яшчэ разок перакінуцца ў думках туды, дзе прайшло яго [Васіля] хоць і цяжкае, турботнае, але навек незабыўнае маленства. Кулакоўскі. Так уваходзіць юнак Аляксандр Віташкевіч у жыццё. Цяжкае, але прываблівае. Турботнае, але сваё, кроўнае, роднае — рабочае жыццё. Кавалёў. // Які выражае, выяўляе турботу. — А жыццё? Жыццё доўгае наша? — пераходзіць [Эльга] на трапяткі і турботны шэпт. — Бачу, назаўсёды ідзеш, нядобры твар у цябе. Мікуліч.
турбуле́нтнасць, ‑і, ж.
Спец. Уласцівасць турбулентнага; неўпарадкаванасць руху асобных часцінак, уласцівая цячэнню вадкасці ці газу. Турбулентнасць паветраных плыней.
турбуле́нтны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Хаатычны, віхравы (пра рух часцінак вадкасці або газу). Турбулентнае цячэнне.
[Лац. turbulentus — бязладны, хаатычны.]
турбуле́нцыя, ‑і, ж.
Спец. Віхравы, беспарадкавы рух (часцінак вадкасці або газу).
турката́нне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. туркатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.