Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сту́заць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Затузаць, зацягаць. Стузаць каня.

2. перан. Давесці да хворага, нервовага стану, змучыць. Усё гэта так .. [Сідора] знервавала, так стузала, што ён увачавідкі адзначаў, як рабілася яму цяжка і невыносна ў вікураўскіх абставінах. Гартны.

стук 1, ‑у, м.

1. Кароткі адрывісты гук ад удару або падзення цвёрдых прадметаў. А сёння падвечар пад самымі вокнамі свайго дома .. [Макар] пачуў ажыўлены гоман, вясёлы смех і стук абуха аб сухое дрэва. Дуброўскі. Прыгадвалася [Сяргею] рознае, і часцей за ўсё дробязь: вясковы вечар, вогнішчы на вуліцы — вараць бульбу; стук праніка на сажалцы ранняй вясной. М. Стральцоў. / Пра гукі, якія ўтвараюцца машынай, рознымі механізмамі. Стук цягніка аддаляўся, заціхаў, пакідаючы тут цішыню і пустэчу невялічкай станцыі. Арабей. З сярэдзіны будынка прабіваўся рытмічны стук лінатыпаў і прыглушаны гул ратацый. Хадкевіч. / Пра гук выстралу (выстралаў). Замоўк той кулямёты стук, Вось-вось яшчэ паўторыцца, баюся. Я пад нагамі згледзеў сук І першы раз цябе спалохаў, бусел. Маляўка. // Шум, які ўтвараецца рытмічнымі скарачэннямі сэрца. [Андрэй] пачуў стук сэрца і адчуў цеплыню ў грудзях. Шамякін.

2. Удар (у дзверы, акно і пад.), які апавяшчае аб прыходзе або просьбе дазволіць зайсці. Не бачыла [настаўніца], як аднаго разу ў клас зайшоў кіраўнік школы, нізенькі, даўганосы. Зайшоў без стуку, не зачыніўшы за сабою дзверы. Адамчык. Да матулі заехаў — пабыць у гасцях. І калі яна выйшла на стук нецярплівы, — Колькі радасці стрэціў у родных вачах! Колькі ўцехі!.. І быў я бясконца шчаслівы. Гілевіч. Лёгкі стук у шыбу сігналізаваў Лапку, што ён апазнаны. Колас.

•••

Ні стуку ні груку — ціха, без шуму.

стук 2, выкл.

1. Выкарыстоўваецца гукапераймальна для абазначэння адрывістых гукаў. Раптам нехта ў дзверы — стук, стук! Якімовіч. І ён [Дрозд] забракаваў Вавёрчыну работу, Матывы падабраў і не пусціў у друк. Бяжыць Вавёрка ў рэдакцыю. «Стук, стук!» Да Дзятла. Корбан.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. стукаць — стукнуць. [Уладзік:] — Выцягнуў — куніца! Я яе мордачкаю аб хвою — стук! стук! ды на дол. Колас.

стукані́на, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і стукат.

сту́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стукаць, а таксама гукі гэтага дзеяння; стук. Стуканне дзятла.

сту́кат, ‑у, М ‑каце, м.

Моцны бесперапынны стук. Стукат і грукат, Машыны навокал снуюць. Астрэйка. Праз гэты грукат, да якога тут даўно прывыклі і людзі, і коні, і птушкі, сёння прабіваецца бадзёры стукат малатка па жалезе, нагадваючы мінулую касавіцу. Брыль. Брук грыміць стукатам колаў і конскіх падкоў. Скрыган.

стуката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.

Разм. Ствараць стукат. А поезд імчыць, стукочуць колы, вядуць сваю мелодыю, і яна адклікаецца ў Вадзімавым сэрцы: «Та-та-та, та-та-та...» Марціновіч. // безас. Напаўняцца стукатам, стукам. У галаве цэлы дзень стукоча. // Моцна, часта біцца (пра сэрца). А сэрца неспакойнае стукоча, І любіць, і хвалюецца штодня. Грахоўскі.

стукатня́, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і стукат. Працую, стукаю ўсё каля дрэў. За стукатнёй хіба пачуеш спеў? Дубоўка.

сту́каўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Адзін з відаў азартнай гульні ў карты.

стукаце́ць, ‑качу, ‑каціш, ‑каціць; незак.

Разм. Ствараць стукат; стукатаць. Стукацела швейная машына, Мар’я Іванаўна, здаецца, забылася за ёю пра ўсё. Пестрак. Гулка стукацяць дзеравяшкі, шкробаюць чаравікі і боты. Палонныя стаміліся, ідуць не ў нагу, як папала. С. Александровіч.

сту́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да стукнуцца.

2. Стукаючы (у дзверы, акно), прасіць дазволу ўвайсці куды‑н. [Пляменніца:] — Ноччу з’явіліся паліцыянты, доўга стукаліся. Машара. [Хлопчык:] — А дарогу замяло, дык усе стукаюцца да нас. Бажко. // перан. Спрабаваць знайсці доступ куды‑н.; хадзіць, звяртацца да каго‑н., куды‑н. з якой‑н. просьбай. Калі жыхары Гарадоцкага павета, асабліва сяляне, кідаліся ў пошуках кавалка хлеба, то першым горадам, у вокны якога яны стукаліся, быў Піцер. Дуброўскі. Куды ні хадзіў бацька, да якіх начальнікаў ні стукаўся, нічога не памагала. .. Тады [у час вайны] ўсё было на вагу золата, і аконныя рамы таксама. Васілёнак. // перан. Даваць знаць пра сябе. У сэрца стукаюцца чыстыя, як неба, жаданні. Лынькоў. Яшчэ не ўсведамляў Жарнавік па-сапраўднаму сваёй трывогі, якая стукалася ў сэрца. Пестрак.

•••

Стукацца ў дзверы — звяртацца да каго‑н. з просьбай аб чым‑н.