стаго́дні, ‑яя, ‑яе.
Тое, што і стогадовы. Лявей цягнуўся хмызняк, аблямоўваючы даліну са стагоднімі адзінокімі дубамі. Колас. Вада імчалася цераз голыя, вымытыя карэнні стагодніх дрэў. Чорны.
ста́днасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і стан стаднага (у 1 знач.). Інстынкт стаднасці.
2. перан. Поўнае несвядомае падпарадкаванне сваіх індывідуальных паводзін паводзінам гурту.
ста́дны, ‑ая, ‑ае.
Спец.
1. Які жыве гуртам, чарадою. Стадны характар жыцця першабытнага чалавека. // Уласцівы гурту. Стадны інстынкт.
2. перан. Які вызначаны несвядомым падпарадкаваннем паводзінам гурту. І ўсіх, як мне здавалася, распірала большае ці меншае пачуццё стаднай узбуджанасці з прычыны такой перамены ў агульным жыцці горада. Гарэцкі.
стадо́ла, ‑ы, ж.
1. Уст. Канюшня на заезным двары. Будынак пры гасцінцы — гэта была карчма, самая сапраўдная, з стадолаю і нацярушанаю перад ганкам саломаю. Чорны.
2. Вялікі хлеў. Грышка, бегучы ў стадолу памагаць бацьку адвязваць каровы, убачыў, што каля ганка панскіх пакояў вялікая грамада польскіх жаўнераў. Чарот. // Хлеў, канюшня наогул. Пастанавілі адразу пачаць падрыхтоўку да калгаснага будаўніцтва, і на першую чаргу назначылі будоўлю вялікае стадолы на ўсю, якая мела быць абагулена, жывёлу. Зарэцкі. // Разм. Пра вялікае, няўтульнае, нядобраўпарадкаванае памяшканне, жыллё. Але ў хаце — адзін пакой, як стадола. Адгарадзіць бы які куток... Шамякін. [Сын:] — А дроў, дроў колькі трэба, каб нагрэць такую стадолу! Ракітны.
стадо́ліна, ‑ы, ж.
Разм. Стадола (у 2 знач.). Астрог — гэта вялікая стадоліна з адным акенцам пад столлю, аплеценым кратамі. Якімовіч.
стадыён, ‑а, м.
Спартыўны комплекс з футбольным полем, пляцоўкамі для спаборніцтваў і трэніровак, трыбунамі для гледачоў, дапаможнымі збудаваннямі і памяшканнямі. Стадыён для алімпійскіх гульняў.
[Грэч. stadion — месца для спаборніцтваў.]
стадыённы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стадыёна. Стадыённыя дарожкі.
ста́дый, ‑я, м.
Адзінка вымярэння адлегласці ў многіх старажытных народаў, роўная прыблізна 200 м. Вавілонскі стадый — каля 195 м.
[Грэч. Stadion.]
стады́йнасць, ‑і, ж.
Тое, што і стадыяльнасць.
стады́йны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і стадыяльны. Стадыйнае развіццё.