Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лабрадо́равы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лабрадору. Лабрадоравыя пароды.

лабя́к, ‑а, м.

Абл. Адкрытае ўзвышанае месца. Вёска гэтая была якраз перад намі, на лабяку, яна добра нам далася ў знакі. Шарахоўскі.

ла́ва 1, ‑ы, ж.

Прадмет сялянскай мэблі — шырокая дошка на ножках для сядзення, звычайна прыстаўленая да сцяны. Ад мыцельніка да стала працягнулася шырокая жаўтлявая лава. Алешка. Госць лавы не праседзіць. Прыказка. // Тое, што і лаўка ​1 (у 1 знач.). У цяньку прысеў на лаву, Паліць люльку дзед. Зарыцкі.

•••

Сесці (папасці, трапіць) на лаву падсудных гл. сесці.

ла́ва 2, ‑ы, ж.

1. Расплаўленая мінеральная маса, якая вывяргаецца вулканам на паверхню зямлі. Патокі лавы.

2. перан. Імклівая, нястрымная маса каго‑, чаго‑н.; лавіна. Можа, і не дагнаў бы авечак [Алёша], каб не дзядзька Сымон.. Проста на яго неслася авечая лава. Гамолка.

3. у знач. прысл. ла́вай. Суцэльным патокам. Радасць льецца лавай.

ла́ва 3, ‑ы, ж.

Баявы парадак конніцы для адначасовай атакі з флангаў і з тылу, а таксама атрад, пастроены для такой атакі. Лава казакоў. □ Лава памчала галопам, пакідаючы на полі бою коннікаў. Гурскі.

[Польск. ława — рад, шарэнга.]

ла́ва 4, ‑ы, ж.

Падземная горная вырабатка з доўгімі забоямі, у якой здабываюцца карысныя выкапні. Між ствалоў сасновых Ноч і дзень Тут, па ўсіх забоях кожнай лавы, Рэха навальнічнае гудзе. Аўрамчык.

ла́ва 5, ‑ы, ж.

Разм. Вялікі абшар, аднастайны масіў чаго‑н. Направа і налева і далёка ўглыб пачынаюцца бясконцыя абшары лясоў, велічэзныя лавы так званай скарбовай зямлі. Колас. Уборка і малацьба збожжа былі скончаны, на палях зелянела шырокая лава руні. Паслядовіч.

ла́вавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лавы ​2 (у 1 знач.). Лававы паток.

лава́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Вечназялёная пахучая расліна з блакітна-фіялетавымі або фіялетавымі кветкамі, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі.

[Іт. lavanda.]

лава́ндавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лаванды. Лавандавы пах. // Які здабываецца з лаванды. Лавандавы алей.

ла́вачка 1, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да лаўка ​1 (у 1 знач.). [Сынклета Лукічна] ўзышла на ганак з разьбянымі слупкамі-калонкамі і з лавачкамі па баках. Шамякін.

ла́вачка 2, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Разм. Памянш.-ласк. да лаўка ​2. Заглянуць у лавачку.

2. перан. Разм. Неадабральны, недазволены занятак, пачынанне; група ўдзельнікаў гэтага занятку, пачынання. Завёў лавачку. Гэта адна лавачка.

•••

Закрыць лавачку гл. закрыць.

лава́ш, ‑а, м.

Пшанічны хлеб у выглядзе вялікіх тонкіх праснакоў, які ўжываецца ў Закаўказзі.

[Цюрк. лаваш.]

лавела́с, ‑а, м.

Спакуснік жанчын; ахвотнік да любоўных прыгод; залётнік. — Не хлапчук жа .. [Сярожка], а студэнт трэцяга курса інстытута замежных моў і не лавелас які-небудзь, а вось на табе. З першага погляду закахаўся ў дзяўчыну. Скрыпка. [Казік:] — Не, я скажу толькі тое, што добра ведаю.. Ад тваёй ласкавай усмешкі ў старога лавеласа аж млела сэрца. Машара.

[Ад уласнага імя.]

лавела́снічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Паводзіць сябе як лавелас; заляцацца да жанчын.