змалёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да змаляваць.
зма́лку, прысл.
Разм. З малых гадоў; з маленства. У вёсцы Патрэба.. хлопца змалку называлі Гануліным Толікам. Брыль. — Трэба змалку прывучаць сябе да цяжкасцей, адным словам, загартоўвацца. Чарнышэвіч.
змало́цца, змелецца; зак.
Раздрабніцца, ператварыцца ў муку і пад. (пра зерне). Жыта мякка змалолася.
змало́ць, змялю, змелеш, змеле; зак., што.
1. Раздрабніць, ператварыць у муку і пад. (пра зерне). Змалоць пшаніцу. Змалоць перац. □ Млынар змалоў сваіх некалькі мяшкоў збожжа. Чорны.
2. Разм. груб. З’есці. З кожным разам сала заставалася ўсё меней і меней. — Усё змеле! — расчаравана сказаў Уладзік. Колас.
змало́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад змалаціць.
змало́чвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да змалаціцца.
2. Зал. да змалочваць.
змало́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да змалаціць (у 1 знач.).
змалява́цца, ‑люецца; зак.
Зрасходавацца на маляванне. Фарбы змаляваліся. Аловак змаляваўся.
змалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.
1. Зрабіць копію якога‑н. малюнка, чарцяжа і пад. // Намаляваць з натуры. Змаляваць бярозу.
2. Пакрыць што‑н. скрозь малюнкамі і пад. Змаляваць увесь альбом. □ На сцяне, паміж вокнамі, вісела карта, уся змаляваная стрэлкамі і кружкамі. Шахавец.
3. Зрасходаваць на маляванне. Змаляваць аловак. Змаляваць усю фарбу.
зман, ‑у, м.
1. Словы, учынкі, дзеянні, якія наўмысна наводзяць іншых на памылкі. [Лена] шкадавала, што паддалася на зман, што не хапіла вытрымкі ў спрэчцы з Волькай. Ваданосаў. // Неадпаведнасць ісціне; падман. Надзя да пяці год лічыла няньку за маці. А калі неасцярожная суседка развеяла гэты зман, Надзя часта пачала плакаць, зрабілася яшчэ больш кволай і капрызнай... Шахавец.
2. Стан падманутага. Нельга захапляцца тым, чаго яшчэ няма, — пісаў Паходня. — Вы ўводзіце ў зман сваіх чытачоў, і тых, пра каго пішаце. Хадкевіч.
3. Памылковае, ілюзорнае ўяўленне. Якаў нібы і прачнуўся, але голасу не падаў — усё яму думалася, што гэта нейкі зман, бо не надта хто стукае, калі заходзіць да яго. Кулакоўскі.