Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

згрупава́цца, ‑пуецца; ‑пуемся, ‑пуецеся; зак.

Сабрацца, аб’яднацца ў групу (групы); размясціцца групай (групамі). Хуткакрылыя стрыжы згрупаваліся і насіліся ў паветры, нібы трэніраваліся перад адлётам. Федасеенка. Хутка вакол Андрэя згрупавалася чалавек пятнаццаць салдат, якія сталі яго поўнымі паслядоў[нік]амі. Галавач. Новае пакаленне пісьменнікаў.. згрупавалася ў арганізацыю «Маладняк». «Маладосць».

згрупава́ць, ‑пую, ‑пуеш, ‑пуе; зак., каго-што.

Аб’яднаць у групу (групы); размясціць групамі. Згрупаваць ударныя сілы войск. □ За гады вучобы ў школе Лена згрупавала вакол сябе верных сябровак. Няхай. // Раскласіфікаваць на аснове якіх‑н. аднародных прымет. Згрупаваць дэталі па іх форме. □ Калі згрупаваць фактары, якія залежаць і не залежаць ад прыродных умоў, і зрабіць разлік, то значнасць фактару прыродных умоў для прадукцыйнасці працы будзе больш відавочнай. «Весці».

згрупо́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да згрупавацца.

2. Зал. да згрупоўваць.

згрупо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да згрупаваць.

згрыбе́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Стары, маршчыністы. Была яна тады, як апошні раз маці яе бачыла, зморшчаная-зморшчаная, згрыбелая, сівая бабулька. Гарэцкі. Апіраючыся на кій, стаяў згрыбелы стары. Самуйлёнак.

згрыбе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Састарыцца, пакрыцца маршчынамі.

згрыза́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да згрызаць.

згрыза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да згрызці.

згры́зены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад згрызці.

згрызо́та, ‑ы, ДМ ‑зоце, ж.

Разм.

1. Душэўныя мукі, перажыванні. Ніколі панна Анэля .. не мела такой згрызоты, як у гэты вечар: «жартачкі», Ядвіська замуж выходзіць, а яна, Анэля, у старых дзеўках астанецца. Бядуля.

2. Спрэчкі, звадкі. Уласніцкія імкненні Міхала стварылі ў яго сям’і атмасферу варожасці, згрызот, калатні і фактычна прывялі яе да распаду. Луфераў.