Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дуры́ла, ‑ы, м.

Разм. лаянк. Дурань, дурніца. «Бадай жа ты прапаў, мой мілы! Не знаць бы век цябе, дурылы!» Колас.

дуры́цца, дуруся, дурышся, дурыцца; незак.

Разм. Дурэць, сваволіць; блазнаваць. — Не дурыся, шалапут, то дам капейку на цукеркі. Гартны. Пакінь дурыцца, Андрэй, — стаў строгім Пятро. — Не люблю такіх фокусаў. Шахавец. // Жартуючы, прыкідвацца. [Праменны:] Ты сапраўды пішаш гэту камедыю ці толькі дурышся? Крапіва.

дуры́ць, дуру, дурыш, дурыць; незак.

Разм.

1. што. Дакучаючы, дурманіць. Дурыць галаву размовамі. □ Адзін цвыркун навокал скача І вушы дурыць: цвыр... ды цвыр... Броўка.

2. Падманваць, разлічваючы на даверлівасць; збіваць з толку. — Жаніцца ты збіраешся? — Не ведаю і сам. — Дурыш ты, хлопча. Чорны.

3. Рабіць недарэчныя ўчынкі. — Ты мне не дуры! — крычыць .. [дзядзька]. — Не смяшы людзей, чуеш! У дровы ён паедзе... Бачылі! Хочаш, каб суседзі мне вочы калолі. Глядзі мне, бо намачу лейцы і так адсцёбаю... Жычка.

•••

Дурыць галаву каму — збіваць з толку, уводзіць у зман.

дурэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Забаўляцца, сваволіць, дурыцца. Некалькі хлапчукоў-падлеткаў дурэлі, ганяючыся адзін за адным на прасторным ганку клуба, асветленым гірляндай электралямпачак. Хадкевіч. — Ну, Ігнат, глядзі, брат, Не дурэй, вучыся. Колас.

2. Разм. Прыходзіць у стан адурэння; ачмурацца. Дурэць ад пахаў.