Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

герма́нец,

гл. германцы.

германізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Засвоіць (засвойваць) нямецкую мову і культуру, трацячы сваю мову і культуру; анямечыцца (анямечвацца).

2. толькі незак. Зал. да германізаваць.

германізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

Укараніць (укараняць), звычайна шляхам прымусу, нямецкую мову і культуру ў якой‑н. краіне, выцясняючы мову карэннага насельніцтва; анямечыць (анямечваць).

германіза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. германізаваць і стан паводле знач. дзеясл. германізавацца.

германі́зм, ‑а, м.

Слова або выраз, запазычаныя з германскіх моў.

герма́ній, ‑ю, м.

Хімічны элемент, цвёрдае рэчыва шэра-белага колеру з металічным бляскам, адзін з найбольш каштоўных паўправадніковых матэрыялаў.

[Лац. germanium.]

германі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спецыяліст у галіне германістыкі.

германі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Сукупнасць навук, якія вывучаюць мовы і культуры германскіх народаў; германская філалогія.

герма́нка,

гл. германцы.

герма́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да германцаў (у 1 знач.). Германскія мовы. Германскія плямёны.

2. Які мае адносіны да Германіі, германцаў (у 2 знач.); нямецкі. Германская дзяржава. Германскія кайзераўскія войскі.