Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

відазмяні́ць, ‑змяню, ‑зменіш, ‑зменіць; зак., што.

Унесці якія‑н. змены ў што‑н.; перайначыць. Відазмяніць канструкцыю машыны.

відазмяня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да відазмяніцца.

2. Зал. да відазмяняць.

відазмяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да відазмяніць.

ві́дана,

У выразе: дзе (гэта) відана — пра што‑н. незвычайнае, якое выклікае здзіўленне або абурэнне. [Пракоп:] — Дзе гэта было відана, каб бядняцкі сын стаў гэтакім відным чалавекам. Сабаленка.

відары́с, ‑а, м.

Прадмет, знак, сімвал і пад., якія ўвасабляюць пэўную ідэю. Відарыс герба на сцягу.

відаўтварэ́нне, ‑я, н.

Працэс утварэння відаў раслін і жывёл. Тэорыя відаўтварэння.

віда́ць, у форме інф., у знач. вык.

1. Можна бачыць, разгледзець. З-пад хвой-красунь, як на далоні, Відаць і хаты і двары. Колас. Праз два маленькія акенцы дзень нясмела лез у сярэдзіну, і было відаць праз іх, як шарэла на дварэ. Чорны.

2. Можна зразумець. Сэнс байкі добра відаць.

3. Быць відавочным, вынікаць. З гэтага відаць, што... □ Гаварыў.. [Іваніцкі] шчыра, гэта відаць было з прамовы. Мурашка.

4. у знач. пабочн. Як здаецца, мабыць; напэўна. Чалавек, відаць, валодаў сабою добра. Чорны. Было ясна, што маці захварэла. І, відаць, моцна. Якімовіч.

•••

Ад зямлі не відаць — вельмі маленькага росту.

Відам не відаць — ніякіх прыкмет, нідзе не відаць.

Канца (канца-краю) не відаць (няма) — пра тое, чаго вельмі многа, што цягнецца без канца.

Па ўсім відаць; як відаць — напэўна, відавочна.

Свету (белага) не відаць — нічога не відаць (у часе мяцеліцы, завірухі).

відашука́льнік, ‑а, м.

Спец. Прыстасаванне ў фота‑, кінаапаратах для назірання за становішчам прадметаў, якія здымаюцца. Рамачны відашукальнік.

віднава́та, безас. у знач. вык.

Не зусім цёмна, крыху відно. Угары было яшчэ віднавата. Мурашка.

віднава́ты, ‑ая, ‑ае.

Не зусім цёмны, крыху светлы. Калі віднаватая ноч, то працуюць і ноччу. Кулакоўскі.