Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

балала́йка, ‑і, ДМ ‑лайцы; Р мн. ‑лаек; ж.

Народны трохструнны музычны інструмент з корпусам трохвугольнай формы. Міхась пераважна маўчаў, а выпіўшы — здымаў са сцяны старую, разладжаную балалайку, трымкаў па струнах вялізным пальцам. Брыль.

баламу́т, ‑а, М ‑муце, м.

Разм.

1. Чалавек, які ўносіць беспарадак, разлад. Хлопца брала крыўда за бацьку, злосць на Чыкілевіча, як галоўнага звадыяша і баламута. Колас.

2. Прайдоха, інтрыган, спакуснік. [Волька:] — Звязалася з баламутам гэтым, трэба ж, гарадскога хлеба захацелася. У вёсцы, можа, за настаўніка выйшла б... М. Стральцоў.

баламу́та, ‑ы, ДМ ‑муце, ж.

Разм. Сумятня, неразбярыха, бязладдзе. [Пратасевіч:] — І ўсю гэту баламуту яшчэ больш каламуціў старшыня, якога яна [Голубава] змяніла. Васілевіч.

баламу́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Жан. да баламут.

баламу́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Неспакойны, здатны на розныя штукі. Андрэйчыкаў Хведар, трактарыст і надта баламутны хлопец, выпрасіў у Васіля казыркастую флоцкую фуражку — даўні падарунак яму ад марака, стрыечнага брата. М. Стральцоў.

2. Падманлівы, спакуслівы. [Ала] страляла ў кожнага баламутным зіркам і тут жа.. нявінна апускала павекі. Карпаў.

3. Галаваломны, цяжкі. Баламутная работа.

баламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; незак., каго-што.

Разм.

1. Сеяць неспакой сярод каго‑н., уносіць разлад, неразбярыху. — Ты [Якім] зноў усіх баламуціш! — ускіпеў з яшчэ большай ярасцю Рыгорка. Дуброўскі. [Сцяпан:] — Я дык што? Я — нічога. Хведар усё. Ён людзей баламуціць. Асіпенка. // Бударажыць, хваляваць. Загараліся і беглі па жылках маладыя іскры. Будзілі, баламуцілі, падбівалі стары імпэт. Баранавых.

2. Зачароўваць, спакушаць. Чорт бы вас пабраў, дзяўчаты: баламуціце вы нашага брата і годзе! Колас.

•••

Баламуціць светам — выклікаць якімі‑н. несправядлівымі дзеяннямі непакой, нездавальненне.

баламу́цтва, ‑а, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. баламуціць.

баланда́, ы́, ДМ ‑дзе, ж.

Разм. Посная рэдкая поліўка. Прыносілі [палонным] тую нязменную страву, што завецца «баланда». Чорны.

бала́нс 1, ‑у, м.

1. Раўнавага, ураўнаважванне. Гранічнае пачуццё балансу, выдатная спартыўная форма.. забяспечылі.. [эквілібрысту] дакладнае, нават прыгожае выкананне найскладанейшага труна з вострымі кінжаламі. «Беларусь».

2. Параўнальны падрахунак прыходу і расходу пры завяршэнні разлікаў, а таксама ведамасць з такім падрахункам. Радавы баланс. Квартальны баланс. Зводны баланс.

3. Колькаснае выражэнне суадносін паміж бакамі якой‑н. дзейнасці, якія павінны ўраўнаважваць адзін аднаго. Гандлёвы баланс. Баланс народнай гаспадаркі. // Суадносіны паміж узаемазвязанымі часткамі чаго‑н. Кармавы баланс. Паліўны баланс. Баланс падземных грунтовых вод.

•••

Актыўны баланс — падрахунак, у якім прыход большы за расход.

Пасіўны баланс — падрахунак, у якім расход большы за прыход.

[Фр. balance.]

бала́нс 2, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у, зб. Спец. Ачышчаныя ад кары бярвенні аднолькавай даўжыні, якія ідуць на выраб цэлюлозы.

2. ‑а. На чыгунцы — перакідная прылада для перацягвання рэек. [Сымон:] — Тут я нешта заспяшаўся, перакінуў няёмка баланс, што перацягвае рэйкі, дык пяро не прыкінулася як след да рамачнай рэйкі, і пайшлі вагоны па стрэлцы ўразрэз. Шынклер.

балансава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. балансаваць.