Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ласу́ха, ‑і, ДМ ‑сусе, ж.

Жан. да ласун.

ла́сцік 1, ‑у, м.

Баваўняная тканіна з бліскучым верхам, якая ужываецца звычайна на падкладку. Паліто на ласціку.

[Ад англ. lasting — трывалы.]

ла́сцік 2, ‑у, м.

Каўчук, гума. // Разм. Гумка для сцірання напісанага.

[Ад новалац. elasticus — пругкі, эластычны.]

ла́сцікавы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ласціку ​1. Ласцікавы цэх. // Зроблены з ласціку. Ласцікавая падкладка.

ла́сцікавы 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ласціку ​2. Ласцікавая вытворчасць.

ла́сы, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі смачны. Ласы кусок.

2. на што, да каго‑, чаго‑н. Які мае асаблівую цягу да каго‑, чаго‑н.; прагны, сквапны. Жвавы, гладкі конік рупліва перабіраў нагамі і весела ёкаў: відаць, не толькі сенам кормлены, але і да аўса ласы. Новікаў. Ласы на чужыя прыпасы. Прыказка. // Разм. Які выражае ахвоту, захапленне, прагнасць; ахвочы. Гаспадар .. таксама меў ласае вока на дачку пана каморніка. Колас.

ласьён, ‑у, м.

Касметычны гігіенічны сродак для догляду скуры твару.

[Фр. lotion ад лац. lotio — мыццё.]

ласяня́ і ласянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня ласіхі.

лася́тнік, ‑а, м.

1. Памяшканне для ласёў.

2. Паляўнічы на ласёў.

лася́ціна, ‑ы, ж.

Мяса лася як ежа. Давялося пакаштаваць ласяціны.

лат, ‑а, М лаце, м.

Гіст. Грашовая адзінка ў Латвіі (1922–40 гг.).

[Латыш. lats.]

ла́та 1, ‑ы, ДМ лаце; Р мн. лат; ж.

Кавалак тканіны, скуры і пад., якім залатана дзірка на адзенні, абутку і пад. Прыкметы падышлі якраз: знарок запушчаная барада, два залатыя зубы, лата на левым калене. Брыль.

•••

Латамі трэсці гл. трэсці.

Лата на лаце — пра вельмі старое латанае адзенне. Ля саней застаўся .. чалавек у кароткай ватоўцы, у лапцях, у суконных гаспадарскіх нагавіцах — лата на лаце. Чорны.

ла́та 2, ‑ы, ДМ лаце; Р мн. лат; ж.

Дошка, жэрдка і пад., якія кладуцца ўпоперак крокваў. Снегу на страсе няма, і латы на бурай струхле[л]ай саломе тырчаць голымі пачарнелымі парэбрынамі. Галавач. У змроку відаць было, як у неба ўрэзвалася скрыжаванне лат. Скрыган.