Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

інфарма́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Дысцыпліна, якая вывучае структуру і агульныя ўласцівасці навуковай інфармацыі, а таксама заканамернасці яе стварэння, перабудовы і выкарыстання ў розных сферах чалавечай дзейнасці.

інфарматы́ўнасць, ‑і, ж.

Колькасць звестак, элементаў зместу; насычанасць зместам. Інфарматыўнасць сувязі. Інфарматыўнасць сігналу.

інфарматы́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які характарызуецца той або іншай ступенню інфарматыўнасці.

інфармацы́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць інфармацыйнага.

інфармацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інфармацыі. Інфармацыйнае паведамленне. Інфармацыйнае бюро. Інфармацыйны бюлетэнь.

•••

Інфармацыйная мова гл. мова.

інфарма́цыя, ‑і, ж.

1. Тое, што і інфармаванне.

2. Паведамленне аб становішчы спраў у якой‑н. галіне, аб чыёй‑н. дзейнасці і пад.; звесткі аб чым‑н. Атрымаць інфармацыю. Бюро тэхнічнай інфармацыі. Палітычная інфармацыя. □ Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас. Неўзабаве Юзік меў ад Аннушкі і Каліны поўную інфармацыю аб камендатуры. Няхай. // Артыкул, нататка інфармацыйнага характару. Апублікаваць інфармацыю з месц. □ Васіль Сымонавіч прачытаў інфармацыю «З залы суда», пацікавіўся прагнозам надвор’я. Арабей.

3. Сукупнасць якіх‑н. звестак, ведаў. Паток інфармацыі.

4. Звесткі, сігналы аб навакольным свеце, якія ўспрымаюць арганізмы ў працэсе жыццядзейнасці. Інфармацыя праз органы пачуццяў перадаецца ў мозг.

5. Звесткі, якія з’яўляюцца аб’ектам захоўвання, перадачы і перапрацоўкі. [Назвы паселішчаў] з далёкага мінулага нясуць нам інфармацыю пра нашых продкаў, пра ўклад народнага жыцця. «Маладосць».

6. Сукупнасць колькасных даных, выражаных пры дапамозе лічбаў, крывых або графіка, якая выкарыстоўваецца ў зборы і апрацоўцы якіх‑н. звестак. Даныя тэлеметрычнай інфармацыі. З борта штучнага спадарожніка Зямлі наступае навукова-тэхнічная інфармацыя.

7. У біялогіі — сукупнасць хімічна закадзіраваных сігналаў, якія перадаюцца ад аднаго жывога аб’екта другому (ад бацькоў патомкам) або ад адных клетак, тканак, органаў другім у працэсе развіцця арганізма.

•••

Тэорыя інфармацыі гл. тэорыя.

[Ад лац. informatio — растлумачванне.]

інфармбюро́, нескл., н.

Інфармацыйнае бюро.

інфекцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Выкліканы інфекцыяй; заразны. Інфекцыйныя хваробы. Інфекцыйны працэс. // Прызначаны для лячэння заразных хвароб. Інфекцыйная бальніца.

інфе́кцыя, ‑і, ж.

Пранікненне ў арганізм хваробатворных мікраарганізмаў; заражэнне. Занесці інфекцыю ў арганізм. Паветраная інфекцыя. Капельная інфекцыя.

[Ад лац. inficere — псаваць, атручваць, заражаць.]

інфекцыяні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Урач, спецыяліст па інфекцыйных хваробах. Я ведаў.. Савіча-ўрача, буйнейшага інфекцыяніста, бясстрашнага чалавека, які за сорак год урачэбнай дзейнасці патушыў дзесяткі эпідэмій. Шамякін.