балансёр, ‑а, м.
Цыркавы артыст-акрабат, які ходзіць па канаце.
балансёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да балансёр.
балансі́р, ‑а, м.
1. Доўгі шост, пры дапамозе якога акрабат захоўвае раўнавагу на канаце.
2. Рычаг у машыне, які перадае рух ад адной часткі да другой, а таксама рэгулятар у механізме гадзінніка, які замяняе маятнік.
[Фр. balancier.]
балансі́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да балансіра.
бала́ст, ‑у, М ‑сце, м.
1. Груз, які забяспечвае ўстойлівасць і асадку карабля, а таксама груз для рэгулявання вышыні палёту аэрастата. Скінуць баласт. // Дамешка да лёгкага, дробнага насення або мінеральнага ўгнаення, якая забяспечвае раўнамерны пасеў.
2. перан. Пра што‑н. лішняе, непатрэбнае. Кнігі такога парадку, не асветленыя ўласным бачаннем і перажываннем, а выдуманыя ад пачатку да канца, — цяжкі баласт. Лужанін. // Пра чалавека, які не прыносіць карысці. [Нявідны:] — Задача сходу — разгарнуць работу.. Арганізаваць партызанскі актыў, іначай вы не людзі змагання,.. а мёртвы баласт. Колас.
3. Спец. Верхні слой чыгуначнага палатна з шчэбеню, гравію, шлаку, які надае ўстойлівасць рэйкавай каляі. А вось.. насып пачаў прасадку даваць... Баластам выціскае гэты грунт... Шынклер.
[Гал. ballast.]
баластава́нне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. баластаваць.
баластава́цца, ‑туецца; незак.
Зал. да баластаваць.
баластава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
Спец. Засыпаць баластам (у 1, 3 знач.). Баластаваць чыгуначнае палатно. Баластаваць карабель.
бала́стны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да баласту (у 1, 3 знач.). Баластная сістэма карабля. // Зроблены з баласту. Баластны слой чыгуначнага палатна.
бала́стэр, ‑а, м.
Машына для баластавання чыгуначнага палатна.