Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уста́віць, устаўлю, уставіш, уставіць; зак., што.

1. Паставіць, змясціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н. Уставіць шкло ў раму. □ [Сымон] зайшоў у свіронак, забраў Андрэеву асьміну, якую перад гэтым склаў і ўставіў новае дно, і панёс яе да Андрэя. Чарнышэвіч. Калі з алмазнага пярсцёнка ўставіць у разец крышталь — пад ім засвішчуць стружкай тонкай тытан і бранявая сталь. Русецкі. // Сказаць, уключыўшы ў чыю‑н. размову сваю заўвагу і пад. Стане ажыўлена і весела, глядзіш — ужо нехта кінуў жарт, другі ўставіў трапнае слова, дружны смех нібы ўскалыхнуў сцены. Хадкевіч. — Праўда, Алесь, прыходзь, каяцца не будзеш, — уставіў сваё слова і Мікітка. Сіняўскі. // Запісаць, упісаць куды‑н. З вамі адкрыта, а вы, як толькі што, і ўставіце прозвішча ў артыкул. «ЛіМ». // Унесці дадатак у рукапіс. Уставіць прапушчанае слова.

2. Заняць, укрыць усю паверхню. Умомант пасярод пакоя паставілі стол, накрылі яго абрусам, уставілі бутэлькамі і смажанінай. Лупсякоў. Назаўтра, каля паўдня, увесь заямнінскі дзядзінец уставілі фурманкі. Пальчэўскі.

3. Пільна глядзець на каго‑, што‑н. Мальвіна вушы навастрыла, у мужа ўставіла свой зрок. Колас.

•••

Уставіць вочы — тое, што і уставіць (у 3 знач.).

Уставіць мазгі — прымусіць зразумець памылку, змяніць погляд, думку.

Уставіць свае тры грошы — тое, што і уткнуць свае тры грошы (гл. уткнуць).

усталёўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. усталёўваць — усталяваць.

усталёўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да усталявацца.

2. Зал. да усталёўваць.

усталёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да усталяваць.

усталява́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць усталяванага (у 2, 3 знач.). І здавалася, ад самой зямлі павеяла нейкім дзіўным спакоем і ўсталяванасцю жыцця. Шчарбатаў.

усталява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. усталяваць.

усталява́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад усталяваць.

2. у знач. прым. Які канчаткова склаўся; нязменны. Пакуль калгас быў малы, у ім усё ішло ўсталяваным ладам. Дуброўскі.

3. у знач. прым. Прыведзены ў парадак, уладкаваны. Усталяванае жыццё. Усталяваны быт.

усталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. Надзейна ўстанавіцца, умацавацца. Міналі гады... У нас усталявалася Савецкая ўлада. Астрэйка. Палкавы камітэт разагнаў эсэраў і бундаўцаў і памог бальшавіцкай меншасці ўсталявацца ў пасялковым Савеце. Чыгрынаў. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Зіма ўсталявалася ўжо ў лістападзе. □ Пасля непагодлівых дзён з дажджамі і сцюдзёнымі вятрамі нарэшце ўсталявалася ціхае яснае надвор’е. Шчарбатаў. / у перан. ужыв. А ў нас усталяваўся цудоўны пах перасушанага сена: відаць, ад таго раскошнага сенніка, на якім спіць маці. Каршукоў. // Стаць прыгодным для карыстання (пра дарогу і пад.). Гулі машыны, мчалі з Асіпаўскага ў Грыні і назад. Для іх усталявалася дарога, як цэмент. Пташнікаў.

2. Асесці, уладкавацца дзе‑н. Усталяваўшыся на сталай базе ў лесе, Алег з групай партызан выйшаў на заданне. «Маладосць». [Маці:] — Няхай едзе, усталюецца, напіша, з’ездзіш паглядзіш, а пасля таго — забірай дзяцей і ўсе рэчы. Дубоўка. Мы дамовіліся перапісвацца, калі ўсталюемся на рабоце. Марціновіч.

3. Наладзіцца, замацавацца. Толькі пасля вайны ўзаемаадносіны ў нашай сям’і ўсталявалася, як прыязныя: мачыха, мабыць, ужо не баялася, што я буду прэтэндаваць на нейкую часціну спадчыны. Сабаленка. У літаратурным асяроддзі ўсталявалася думка, што другая кніжка часцей за ўсё бывае слабейшая за першую. Грахоўскі. // Стаць звычаем, традыцыяй. Леанід Ляонцьеў выказаў, бадай, агульную думку ўсіх удзельнікаў семінара: — Каб нам часцей так сустракацца, каб усталявалася гэтая традыцыя — традыцыя творчых сустрэч, творчага адзінства! «Маладосць». // Разм. Устанавіцца, наступіць. Нарэшце гоман сціх. Усталявалася цішыня. Асіпенка.

усталява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

1. Паставіўшы, змясціўшы куды‑н., устанавіць належным чынам. Хлопец у цяльняшцы звалок да металічнага чоўна пераносны матор, усталяваў яго і, ні пра што не пытаючыся, торгаў за ланцужок бітых дзесяць хвілін, намагаючыся завесці сваю «канструкцыю». Караткевіч. І толькі зрэдку, трапляючы па справах у гэты дом, у якім калгаснікі ўсталявалі ваўначоску, той-сёй возьме бывала ды і прыгадае Ігната. М. Ткачоў.

2. Зрабіць моцным, устойлівым, надзейным існаванне чаго‑н. Усталяваць уладу. Усталяваць мір на ўсёй зямлі. // Прывесці ў пэўны парадак, наладзіць. Усталяваць жыццё.

устанаві́цца, ‑новіцца; зак.

1. Разм. Стаць, размясціцца дзе‑н., якім‑н. чынам. Паліцыянты ўстанавіліся шпалерамі ўздоўж нораў. Пестрак. Вось і ўстанавілася своеасаблівая чарга, наперадзе якой знаходзіцца старэйшае птушаня, а ў канцы — самае маленькае. Самусенка.

2. Стаць устойлівым, пастаянным; умацавацца. Калі ўстанавілася Савецкая ўлада, Андрэй Бабейка быў ужо рослы, ладны хлопец, паўнапраўны гаспадар бацькавай сядзібы. Хадкевіч. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Пагода, нарэшце, установіцца і ў бліжэйшыя дні будзе скончаны сенакос. Чарнышэвіч. На поўдні Украіны ўстанавілася цёплае надвор’е. «Звязда».

3. Скласціся, наладзіцца, усталявацца. [Юскавец:] — Скажу толькі, што ваша трактоўка Лабановіча разыходзіцца з той, якая ўстанавілася ў нас цяпер і лічыцца бясспрэчнай. Дамашэвіч. У групе бадай што з першага дня ўстанавіліся свае таварыскія сувязі, выявіліся сімпатыі. Карпаў. Між бабкай і Слаўкам скончыліся сваркі. Устанавілася такая любоў і дружба, што толькі можна было пазайздросціць. Няхай. // Наступіць. За сталом устанавілася мёртвая цішыня. Навуменка.