Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ста́тус, ‑а, м.

У міжнародным праве — становішча, стан. Дыпламатычны статус. Статус незалежнасці дзяржавы.

[Лац. status.]

ста́тус-кво́, нескл., м.

У міжнародным праве — становішча, якое існавала раней або існуе цяпер; становішча без змен. Захаваць статус-кво.

[Лац. status quo.]

ста́тут, ‑а, М ‑туце, м.

1. Звод правіл, якія вызначаюць і рэгулююць парадак дзейнасці, выканання ці прымянення чаго‑н. Юрыдычны статут. Статут ордэна Леніна. // Звод палажэнняў, якія вызначаюць структуру, прынцыпы і парадак дзейнасці якой‑н. арганізацыі, установы. Статут КПСС. Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Статут сельскагаспадарчай арцелі. □ Па турэмнаму статуту «кухару» ад асуджаных у крэпасць дазвалялася хадзіць на астрожную кухню і гатаваць абеды. Колас. Хоць і нялёгка салдату, затое на сэрцы спакойна — службу нясе дакладна па статуту. «Звязда».

2. У некаторых краінах Еўропы 14–18 стст. — закон, звод законаў або ўрадавая пастанова аб чым‑н. На .. [беларускай мове] пісаліся ўсе дакументы ў княстве Літоўскім, і нават Літоўскі статут напісаны па-беларуску. Арабей. // У Англіі і шэрагу іншых краін — назва закона. // перан. Звычаі, традыцыі. Статут палявання патрабаваў, каб людзі былі сытыя, а сабакі галодныя, аж да самага позняга вечара, калі раскінуць ім палатняныя кармушкі. Караткевіч.

[Лац. statutum.]

ста́тутны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да статута. Пры камісару Шашура заўсёды стараўся трымацца статутных правіл. Мележ. — Вы ўжо не першы раз парушаеце строгі статутны парадак, — пачаў камандзір, калі Зуб зайшоў у канцылярыю. «Маладосць».

статуэ́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Невялікая скульптурная фігурка, якая звычайна служыць упрыгожаннем. З шафы [Вера] падаставала ўсялякія рэчы, якія ўпрыгожвалі калісьці гэтую ўтульную кватэру: сурвэткі, вазы, статуэткі. Мікуліч. На рэспубліканскай мастацкай выстаўцы наведвальнікі падоўгу спыняліся ля невялікай статуэткі «За мір». «Маладосць». Прыйшлі два малайцы. Прынеслі выдатна выразаную з чорнага дрэва статуэтку маладой негрыцянкі — сімвал маці. Шамякін.

ста́туя, ‑і, ж.

Скульптурны вобраз чалавека або жывёліны, які звычайна размяшчаюцца на пастаменце. Мармуровая статуя. □ Прыгожы сад, які любіў Ватто: Між дрэў зялёных статуі паўсталі. Багдановіч. // перан. Пра халоднага, пазбаўленага жыццёвай энергіі чалавека. Гледзячы збоку на Аню, нельга было не падумаць: даць бы гэтай прыгожай статуі жывыя і цёплыя вочы. Васілевіч.

•••

Як статуя (стаяць, сядзець) — зусім нерухома.

ста́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Раздзел тэарэтычнай механікі, які вывучае раўнавагу цел пад уздзеяннем сіл.

2. Стан спакою, раўнавагі; проціл. дынаміка. // перан. Нязменнасць, адсутнасць руху, развіцця. Паказ характару ў статыцы ў пэўнай меры абмяжоўвае магчымасці пісьменніка. Дзюбайла.

[Грэч. statikē — раўнавага.]

статы́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Акцёр, які выконвае на сцэне другарадным ролі без слоў, удзельнік масавых сцэн. Калі была патрэба, усе .. [хлапчукі] выходзілі на сцэну статыстамі. Рамановіч.

2. перан. Асоба, якая адыгрывае зусім малую ролю ў той ці іншай справе, дзейнічае пасіўна. Тым, хто запрашаўся дзеля кампаніі, відаць, апрыкрала роля статыстаў. Навуменка.

[Ад грэч. statos — які стаіць.]

статы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да статыст.

статы́стык, ‑а, м.

Спецыяліст па статыстыцы, які займаецца статыстыкай. — Колькі людзей на зямлі? — Я запытаў у статыстыка. Макаль.