статс-сакрата́р, ‑а, м.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — ганаровае прыдворнае званне вышэйшых чыноўнікаў. [Звяждоўскі:] — Быў я ў вялікай княгіні Гелены Паўлаўны. Кола вузкае. Статс-сакратар Карніцкі, што прыехаў з Варшавы, міністр унутраных спраў Панскай, Валуеў, яшчэ некалькі чалавек. Караткевіч.
2. У некаторых капіталістычных краінах — назва вышэйшых урадавых асоб, міністраў і пад.
[Ням. Staatssekretär.]
статуа́рнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць статуарнага (у 2 знач.).
статуа́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае выгляд статуі, пагадвае статую. Статуарная разьба. // Які выкарыстоўваецца для статуй. Статуарны мармур.
2. Кніжн. Такі, як у статуі, нерухомы.
стату́й, ‑я, м.
Разм. лаянк. Пра тупога, бесталковага чалавека.
ста́тус, ‑а, м.
У міжнародным праве — становішча, стан. Дыпламатычны статус. Статус незалежнасці дзяржавы.
[Лац. status.]
ста́тус-кво́, нескл., м.
У міжнародным праве — становішча, якое існавала раней або існуе цяпер; становішча без змен. Захаваць статус-кво.
[Лац. status quo.]
ста́тут, ‑а, М ‑туце, м.
1. Звод правіл, якія вызначаюць і рэгулююць парадак дзейнасці, выканання ці прымянення чаго‑н. Юрыдычны статут. Статут ордэна Леніна. // Звод палажэнняў, якія вызначаюць структуру, прынцыпы і парадак дзейнасці якой‑н. арганізацыі, установы. Статут КПСС. Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Статут сельскагаспадарчай арцелі. □ Па турэмнаму статуту «кухару» ад асуджаных у крэпасць дазвалялася хадзіць на астрожную кухню і гатаваць абеды. Колас. Хоць і нялёгка салдату, затое на сэрцы спакойна — службу нясе дакладна па статуту. «Звязда».
2. У некаторых краінах Еўропы 14–18 стст. — закон, звод законаў або ўрадавая пастанова аб чым‑н. На .. [беларускай мове] пісаліся ўсе дакументы ў княстве Літоўскім, і нават Літоўскі статут напісаны па-беларуску. Арабей. // У Англіі і шэрагу іншых краін — назва закона. // перан. Звычаі, традыцыі. Статут палявання патрабаваў, каб людзі былі сытыя, а сабакі галодныя, аж да самага позняга вечара, калі раскінуць ім палатняныя кармушкі. Караткевіч.
[Лац. statutum.]
ста́тутны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да статута. Пры камісару Шашура заўсёды стараўся трымацца статутных правіл. Мележ. — Вы ўжо не першы раз парушаеце строгі статутны парадак, — пачаў камандзір, калі Зуб зайшоў у канцылярыю. «Маладосць».
статуэ́тка, ‑і. ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Невялікая скульптурная фігурка, якая звычайна служыць упрыгожаннем. З шафы [Вера] падаставала ўсялякія рэчы, якія ўпрыгожвалі калісьці гэтую ўтульную кватэру: сурвэткі, вазы, статуэткі. Мікуліч. На рэспубліканскай мастацкай выстаўцы наведвальнікі падоўгу спыняліся ля невялікай статуэткі «За мір». «Маладосць». Прыйшлі два малайцы. Прынеслі выдатна выразаную з чорнага дрэва статуэтку маладой негрыцянкі — сімвал маці. Шамякін.
ста́туя, ‑і, ж.
Скульптурны вобраз чалавека або жывёліны, які звычайна размяшчаюцца на пастаменце. Мармуровая статуя. □ Прыгожы сад, які любіў Ватто: Між дрэў зялёных статуі паўсталі. Багдановіч. // перан. Пра халоднага, пазбаўленага жыццёвай энергіі чалавека. Гледзячы збоку на Аню, нельга было не падумаць: даць бы гэтай прыгожай статуі жывыя і цёплыя вочы. Васілевіч.
•••
Як статуя (стаяць, сядзець) — зусім нерухома.