Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ларэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Уст. Жанчына лёгкіх паводзін; какотка.

[Фр. lorette.]

ла́са, прысл.

З асаблівай цягай да каго‑, чаго‑н.; прагна. Сумна, моташна ўдаве, Усё мужчыны ў галаве, Паглядае на іх ласа. Крапіва. Бабуля развязвае слоічак з мёдам, а Ніна ласа глядзіць. Брыль.

ла́савацца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; заг. ласуйся; незак., чым і без дап.

Есці што‑н. смачнае, любімае. Дзеці будуць ласавацца цукеркамі з барбарысавай начынкай. Хомчанка. Кожную раніцу, на досвітку, вяртаюцца дзікі з трысця на беразе рэчкі, дзе ўсю ноч ласуюцца салодкімі карэннямі вадзяных раслін. В. Вольскі. // перан. Цешыцца, задавальняцца чым‑н., атрымліваць асалоду. Ласаваліся апошнім сонечным цяплом лясныя восы. Лынькоў.

ла́саваць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; заг. ласуй; незак., каго.

Карміць чым‑н. смачным, частаваць ласункамі. Ласаваць дзяцей варэннем. □ Бабулька Ганна мяне частавала варэннем, часта ласавала нейкім салодкім квасам. Сабаленка.

ласасёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ласося. Ласасёвая ікра. // Звязаны з лоўляй і развядзеннем ласося. Ласасёвая пуціна. Ласасёвы гадавальнік.

2. у знач. наз. ласасёвыя, ‑ых. Сямейства рыб, да якога адносяцца ласось, сіг, гарбуша, кета і інш.

ласасі́на, ‑ы, ж.

Мяса ласося.

ласасі́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ласасіны.

ласёвы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і ласіны. [Бацька] вешае на ласёвы рог, прыбіты да сцяны, шапку і цяжка сядае тут жа, пад рогам, на шырокую лаўку. Мурашка.

ласі́на, ‑ы, ж.

1. Вырабленая скура лася ці аленя. Папружка з ласіны.

2. Мяса лася. Тут .. на ражне ласіна вяліцца — Дабаўка да пайка сухога. Хведаровіч.

3. толькі мн. (ласі́ны, ‑сі́н). Штаны з ласінай скуры.

ласі́навы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены, сшыты з ласіны. Ласінавая куртка.