старэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
1. Станавіцца старым або больш старым. Аміля ж пасля гэтых другіх родаў пачала хварэць і шпарка старэць. Чорны. Матруна да дзяцей у горад паехала. Хату прадае, а купцоў не знаходзіцца. Так і старэе хата. Паўлаў.
2. Станавіцца ўстарэлым. Лепшае з тае творчае спадчыны, якую пакінуў Андрэй Александровіч, не старэе. Звонак.
3. Спец. Мяняць свае ўласцівасці пад уздзеяннем розных фізіка-хімічных умоў. Гума старэе.
старэ́ча, ‑ы, м.
Разм. зневаж. да стары (у 1 знач.). Старому хто скварку, хто [аладку] падсуне: Пацешся, старэча, з чужое гулянкі. Гаўрусёў. Прывязаўшы каня, скінуўшы яму сена, патупаў старэча па сходцах. Мележ.
старэ́часць, ‑і, ж.
Стан старэчага (у 1 знач.).
старэ́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да старога (у 1 знач.), належыць яму. Старэнькая яна, бабка Настуля. Сядзіць з кіёчкам, грэецца на асеннім сонцы ды жмурыць старэчыя вочы. Даніленка. Лаўрэна кашаль схапіў за грудзі — трос яго старэчыя плечы. Баранавых. // Уласцівы старому, такі, як у старых. Гады зрабілі .. паходку [доктара] старэчай, цяжкай і павольнай. Машара. Гукан нервова ўздрыгнуў, павярнуўся. Ён крыху спалохаўся, бо ведаў, што ў апошні час у яго з’явілася старэчая слабасць — разважаць з самім сабой уголас. Шамякін. Бабка не спіць. Яна проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Колас.
2. Які мае адносіны да старца (у 1 знач.); такі, як у старца. Старэчая торба. □ Людзі пачалі заўважаць ля касцельных, кляшторных і царкоўных дзвярэй, у старэчым натоўпе, новага жабрака. Чорны.
стасава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад стасаваць 1.
стасава́цца 1, ‑суецца; зак.
Перамяшацца ў выніку тасавання (пра карты).
стасава́цца 2, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.
Быць, знаходзіцца ў адпаведнасці з кім‑, чым‑н. Доўгія, як у папа, цёмна-русыя валасы, светла-шэрыя вочы, сярэдні рост, шырокія плечы, павольнасць руху і нейкая сур’ёзнасць выразу твару [палешука] як не трэба лепей стасаваліся з агульным малюнкам палескай прыроды. Колас. Цяпер да .. [Наташы] ўжо не стасавалася тая даўняя мянушка, .. якую некалі жартам прыдумаў ёй Мікола. Краўчанка.
стасава́ць 1, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
Тасуючы, перамяшаць усе карты ў калодзе.
стасава́ць 2, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.
Разм. Тое, што і стасавацца 2. Голас не стасаваў усёй гэтай важнай каржакаватай постаці. Лынькоў. Да лесу неяк не стасавала гэтае гучнае слова — экскурсія. Шахавец. Каўнярок, аднак, добра стасуе да халата. Савіцкі.
стасо́ўвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да стасавацца 1.
2. Зал. да стасоўваць.
стасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да стасаваць 1.
ста́так, ‑тка, м.
1. Жывёлы, часцей аднаго віду, якія пасуцца або ўтрымліваюцца разам, гуртам. Хлапчук летам пасвіў вясковы статак, лазіў з ім па балотах, каб схаваць ад варожага вока. Капусцін. [Хмялеўскі:] — Калісьці тут [у дуброве] коз было да халеры. Статкамі хадзілі, а цяпер рэдка дзе ўбачыш. Чарнышэвіч. // Наогул вялікая колькасць якіх‑н. звяроў, птушак; чарада. Статак кароў, свіней у Літвінаве пераваліў перад вайной за тысячу галоў. Навуменка. Хто яго тут [у лесе] пакінуў, Гэта рэха жывое? Можа статак ласіны, Ідучы з вадапою? Кірэенка. Спалоханы .. грукатам [танкаў], аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на паўнеба, статак вераб’ёў. Быкаў. Я потым бачыў, як качыны статак валюхаўся па полі — белы-белы. Хомчанка. / у вобразным ужыв. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой. Астрэйка. Толькі на дваццаць шосты дзень, Калі палымнеў на палетках пажар, Прыгналі вятры на акрутны сухмень Чорнагаловыя статкі хмар. Хведаровіч.
2. Пагалоўе сельскагаспадарчай жывёлы. Племянны статак.
•••
Панургаў статак — натоўп, які слепа ідзе за сваім важаком.
[Ад імя Панурга, героя рамана Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль».]