Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

старэ́йшынства, ‑а, н.

Гіст. Званне, абавязкі старэйшыны.

старэ́нне, ‑я, н.

1. Стан паводле дзеясл. старэць (у 1 знач.). Старанне арганізма.

2. Спец. Змяненне форм і ўласцівасцей рэчыва пад уздзеяннем розных фізіка-хімічных умоў. Старэнне металу.

старэ́нькі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Ласк. За стары (у 1, 3 знач.); вельмі стары. Старэнькія бабкі гаротна ківалі галовамі і цяжка ўздыхалі. Колас. На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Гэта відаць праз нашы малыя, старэнькія вокны. Брыль.

2. у знач. наз. старэ́нькі, ‑ага, м.; старэ́нькая, ‑ай, ж. Стары чалавек. Забыўся старэнькі, як некалі ён Трымаўся за шнур свой упарта. Панчанка.

старэ́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да старца (у 1 знач.), належыць яму. На кій старэцкі я ўспёрся свой і праз акно гляджу перад сабой. Дубоўка.

2. Уласцівы старому чалавеку. Ды чорт яе, з той сівізною: Хай лысіна свеціць, як блін. Ты ж клыгай старэцкай ступою, А думай — мне дваццаць адзін! Колас.

старэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца старым або больш старым. Аміля ж пасля гэтых другіх родаў пачала хварэць і шпарка старэць. Чорны. Матруна да дзяцей у горад паехала. Хату прадае, а купцоў не знаходзіцца. Так і старэе хата. Паўлаў.

2. Станавіцца ўстарэлым. Лепшае з тае творчае спадчыны, якую пакінуў Андрэй Александровіч, не старэе. Звонак.

3. Спец. Мяняць свае ўласцівасці пад уздзеяннем розных фізіка-хімічных умоў. Гума старэе.

старэ́ча, ‑ы, м.

Разм. зневаж. да стары (у 1 знач.). Старому хто скварку, хто [аладку] падсуне: Пацешся, старэча, з чужое гулянкі. Гаўрусёў. Прывязаўшы каня, скінуўшы яму сена, патупаў старэча па сходцах. Мележ.

старэ́часць, ‑і, ж.

Стан старэчага (у 1 знач.).

старэ́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да старога (у 1 знач.), належыць яму. Старэнькая яна, бабка Настуля. Сядзіць з кіёчкам, грэецца на асеннім сонцы ды жмурыць старэчыя вочы. Даніленка. Лаўрэна кашаль схапіў за грудзі — трос яго старэчыя плечы. Баранавых. // Уласцівы старому, такі, як у старых. Гады зрабілі .. паходку [доктара] старэчай, цяжкай і павольнай. Машара. Гукан нервова ўздрыгнуў, павярнуўся. Ён крыху спалохаўся, бо ведаў, што ў апошні час у яго з’явілася старэчая слабасць — разважаць з самім сабой уголас. Шамякін. Бабка не спіць. Яна проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Колас.

2. Які мае адносіны да старца (у 1 знач.); такі, як у старца. Старэчая торба. □ Людзі пачалі заўважаць ля касцельных, кляшторных і царкоўных дзвярэй, у старэчым натоўпе, новага жабрака. Чорны.

стасава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стасаваць ​1.

стасава́цца 1, ‑суецца; зак.

Перамяшацца ў выніку тасавання (пра карты).

стасава́цца 2, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.

Быць, знаходзіцца ў адпаведнасці з кім‑, чым‑н. Доўгія, як у папа, цёмна-русыя валасы, светла-шэрыя вочы, сярэдні рост, шырокія плечы, павольнасць руху і нейкая сур’ёзнасць выразу твару [палешука] як не трэба лепей стасаваліся з агульным малюнкам палескай прыроды. Колас. Цяпер да .. [Наташы] ўжо не стасавалася тая даўняя мянушка, .. якую некалі жартам прыдумаў ёй Мікола. Краўчанка.