Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фарма́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фармату. Фарматны стандарт.

фарма́цыя, ‑і, ж.

1. Пэўная ступень, стадыя ў развіцці чалавечага грамадства, якая характарызуецца ўласцівым толькі ёй спосабам вытворчасці і адпаведнай гэтаму спосабу надбудовай. Заслуга Маркса ў распрацоўцы тэорыі навуковага камунізма заключаецца ў тым, што ён даў характарыстыку асноўных рыс камуністычнага грамадства. Ён упершыню паказаў, што сацыялізм і камунізм уяўляюць сабою не розныя грамадска-эканамічныя фармацыі, а толькі дзве фазы аднаго і таго ж камуністычнага грамадства, заснаванага на адным і тым жа спосабе вытворчасці. Лушчыцкі. Калгасны лад выхаваў селяніна новай фармацыі, вывеў яго на шырокую арэну грамадскага жыцця. «Звязда».

2. Спец. Комплекс генетычна звязаных горных парод аднаго часу і спосабу ўтварэння. Юрская фармацыя.

3. Спец. Раслінныя згрупаванні, якія характарызуюцца адным або некалькімі агульна-біялагічнымі відамі.

[Лац. formatio — утварэнне, від.]

фармацэ́ўт, ‑а, М ‑ўце, м.

Спецыяліст з фармацэўтычнай адукацыяй. [Настуля] таксама вучыцца ў медыцынскім вучылішчы на фармацэўта. Гроднеў.

[Грэч. pharmakeus — які робіць лякарства ад pharmakon — лякарства.]

фармацэ́ўтыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Комплекс дысцыплін, якія вывучаюць пытанні здабычы, апрацоўкі вырабу, захоўвання і водпуску лекавых сродкаў.

[Грэч. pharmakeutikē.]

фармацэўты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фармацэўтыкі, фармацэўта. Для фармацэўтычных прадпрыемстваў нарыхтавана амаль сто тон каштоўных відаў лекавых раслін. «Звязда». // Лекавы. Фармацэўтычныя вырабы.

фармірава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. фарміраваць і фарміравацца.

2. Сфарміраванае вайсковае злучэнне, часць. Вайсковае фарміраванне.

фармірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Складвацца, набываць пэўную форму, выгляд у выніку развіцця, росту. Сучасная паверхня Беларусі фарміравалася на працягу вялікага прамежку часу. // Развівацца фізічна. // перан. Набываць закончанасць, сталасць у выніку развіцця, змен. У падарожжах фарміруецца і мацнее характар. В. Вольскі. Ігнась з рамана «Сын», таксама як і Рыгор з «Сокаў цаліны», паслядоўна фарміруецца ў рэвалюцыйнага барацьбіта. Перкін.

2. Складвацца, стварацца, арганізоўвацца (пра калектыў, групу, орган і пад.). [Сакольны:] — Усім вам, таварышы, вядома, што гэтая група фарміруецца не па загаду, а добраахвотна. Кулакоўскі. // Стварацца шляхам камплектавання людзьмі, матэрыяльнай часткай (пра вайсковую часць). [Алёкса:] — Наша дывізія фарміравалася ў Валагодскай губерні, ваявала супраць англічан і амерыканцам. Машара.

3. Складацца з вагонаў, суднаў шляхам размяшчэння іх у пэўным парадку. — Браткі! — падышоў з цяжкай ношай Станіслаў. — Дзе фарміруецца поезд на Познань? Гурскі.

4. Зал. да фарміраваць.

фармірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.

1. Выпрацоўваць у каго‑н. адпаведныя рысы характару, светапогляд і пад. Фарміраваць характар. □ Час фарміруе людзей, але, хочаш ці не хочаш, людзі адказваюць за час. Карпаў. Не прафесія, якая б рамантычная яна ні была, фарміруе паэтычны талент. «Полымя».

2. Арганізоўваць, ствараць (калектыў, установу і пад.). Фарміраваць у рад. Фарміраваць кабінет. // Арганізоўваць вайсковае падраздзяленне, камплектуючы людзьмі і матэрыяльнай часткай. У кашарах узнік адпраўны пункт. Тут выдавалі зброю, фарміравалі атрады, прызначаліся камандзіры. Мікуліч. [Уладзік Каржакевіч:] — Паны конніцу фарміруюць, добра плацяць. Крапіва.

3. Састаўляць (поезд), счэпліваючы ў адпаведным парадку вагоны. Варта было паглядзець на .. [Віталя] ў тыя хвіліны, калі ён фарміраваў ці расфарміроўваў таварныя саставы, што бесперапынна прыбывалі на вузел. Васілёнак.

фарміро́вачны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для фарміроўкі. Фарміровачны пункт.

фарміро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фарміраваць і фарміравацца.