стары́знік, ‑а, м.
Разм. Асоба, якая скупляе і прадае старыя, зношаныя рэчы. Гандлявалі з латкоў, з крам, з будак, а старызнікі раскладвалі свой тавар проста, на зямлі. Скрыган.
стары́к, ‑а, м.
Абл. Старыца. [Маёр:] — А тое, капітан, што гэты старык — рукаў вялікай ракі, мабыць, нават той самай ракі, да якой вы і хочаце прарвацца. Шашкоў.
старыка́н, ‑а, м.
Разм. Стары чалавек, стары. [Тапаркоў:] — А як сям’я, бацька Гэлі? Сімпатычнейшы старыкан. Навуменка. Ніхто не разумее сабе дэпо без фігуры гэтага сівага, любага старыкана. Шынклер. Вастраносы гаспадар флягі ахвотна растлумачыў: — Бярозавік на хлебных скарынках. Учора ў мястэчку адзін старыкан удружыў. Беразняк.
ста́рыца, ‑ы, ж.
Старое, перасохлае рэчышча. [Сабіна] на момант застывае з іголкай у руцэ, радасна і неяк задумліва глядзіць не на бераг, а ўбок, налева, дзе бурым чаротам цямнее старыца — даўняе, парослае лазой, рэчышча ракі. Ракітны. Усё часцей трапляюцца старыцы — вялікія паўколы бліскучай, люстранай роўнядзі: гэта тыя ўчасткі, дзе цякла Прыпяць раней і якія спрамілі рачнікі. Сачанка.
ста́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Станавіцца старым або больш старым; старэць. [Паўліна Сямёнаўна:] — Век я свой зжываю, а вось адчуваю так, нібы яно зноў пачынаецца, маё жыццё, другім чалавекам я раблюся. Старыцца няма калі. Дуброўскі.
•••
Старыцца ў дзеўках — вельмі доўга не быць замужам. І панскія сыны да яе не сваталіся, бо Арлоўскі быў усё-такі не пан, і Адэля старылася ў дзеўках. Чарнышэвіч.
ста́рыць, ‑рыць; незак., каго-што.
Рабіць больш старым, падобным да старога. Гаспадар хаты — нізкі ростам, хударлявы, з паголенай барадой, але пышнымі рудаватымі вусамі. Вусы гэтыя, аднак, не старылі, а, наадварот, маладзілі яго. Шамякін. [Сівыя пасмы], як ні дзіўна, зусім не старылі нашага калегу, а надавалі яму выгляд чалавека маладога. Нядзведскі. Сур’ёзнасць старыць малады твар. Калюга.
старычы́на, ‑ы, м.
Разм. Стары чалавек. Гэта быў каржакаваты, крэпкі і ўвішны яшчэ старычына з доўгім чырвоным носам і вострымі, пранізлівымі вачамі. Колас.
старэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. стары.
2. Той, якому больш гадоў у параўнанні з кім‑н.; самы дарослы сярод каго‑н. Старэйшая сястра. □ Андрэй, старэйшы Пракопаў сын, быў у Чырвонай Арміі. Колас. Петрусю, старэйшаму брату Шурыка, споўнілася сем год, і ён пайшоў у школу. Арабей. / у знач. наз. старэ́йшы, ‑ага, м.; старэ́йшая, ‑ай, ж. За ўсё сваё жыццё, якое пачало адкладвацца ў памяці пасля смерці маткі, .. [Данік] прывучыўся слухаць старэйшых. Грамовіч. // Ужываецца пры прозвішчы для таго, каб падкрэсліць розніцу ў пакаленнях, у гадах. Заехалі да старэйшага Крушынскага, які піша вершы пад псеўданімам Антон Цярэшка. Бядуля.
3. Які даўно існуе, узнік, утварыўся. Старэйшы тэатр краіны. □ Стамбул лічыцца адным са старэйшых еўрапейскіх гарадоў: ён быў заснаваны візантыйцамі дзве тысячы семсот гадоў назад. «Полымя». Добрушскі цэлюлозна-папяровы камбінат «Герой працы» — старэйшае прадпрыемства Беларусі. «ЛіМ». // Які даўно займаецца чым‑н.; вопытны, спрактыкаваны. П’ер Паола Пазаліні — старэйшы майстар італьянскага кіно. «Маладосць». // Найстарэйшы. [Жэня:] — А ты [Васіль] пагавары з самымі старэйшымі бабулямі і дзядулямі. Якімовіч.
4. у знач. наз. старэ́йшыя, ‑ых. Дарослыя; проціл. дзеці. Пад Сталінград на выручку старэйшым Мы не спазніліся ні на хвіліну. Аўрамчык. Маруся кажа, што над старэйшымі нельга насміхацца. Мыслівец.
5. Які стаіць вышэй у параўнанні з кім‑н. па званню, пасадзе, службоваму становішчу. Веставы стараўся не дыхаць, шукаў вачыма старэйшага па званню. Асіпенка.
старэ́йшына, ‑ы, м.
1. Гіст. Кіраўнік радавой абшчыны, які выбіраецца са старэйшых і самых паважаных яе членаў.
2. Самы вопытны, спрактыкаваны, паважаны член якога‑н. калектыву. Мы ўсе любілі яго [Якуба Коласа]. Маладзейшыя літаратары, мы часта раўнавалі свайго старэйшыну да людзей, якіх ён лічыў сябрамі. Брыль.
•••
Савет старэйшыя гл. савет.