Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бурто́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Тое, што і буртаванне. Відаць, усе былі на рабоце: хто на будаўніцтве, а хто на буртоўцы бульбы. Броўка.

буру́н, ‑а, м.

Пеністыя хвалі на мелкай мясціне мора або над рыфам. Параход.. адцягнулі ад пірса буксіры, і, густа задыміўшы і ўзняўшы пеністы бурун за кармой, ён паплыў, набіраючы ход. Лынькоў.

бурунду́к, ‑а, м.

Маленькі паласаты, падобны на вавёрку грызун, які жыве ў норах.

бурундуко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бурундука, належыць яму. Бурундуковы след. Бурундуковая нара. // Зроблены са шкурак бурундука. Бурундуковае футра.

бурча́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. бурчаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Вось ужо чуецца ляскат зубоў і глухое бурчанне... Маўр. Накатваючыся на параход, .. [валы] яшчэ бурчалі, але гэта было ўжо не пагрознае, а ціхае, улагодненае бурчанне. Лынькоў.

бурча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць глухія гукі, выказваючы нездавальненне або пагрозу (пра жывёл). Кудлаты і нязграбны малы сабака папробаваў бурчаць, пасля сціх. Чорны. // Утвараць падобныя гукі (пра нежывыя прадметы). Насоўвалася хмара, недзе далёка бурчаў гром. Рылько. Рэзка бурчалі і вылі асколкі, ціўкалі кулі. Сачанка.

2. Разм. Сярдзіта, нездаволена мармытаць; бубніць. — Вось бяда, дык бяда, ледзь не праспаў, а сёння апошні дзень старога года, — бурчаў сам на сябе дзед. — Працы ж у мяне, бацюхны мае... П. Ткачоў. Ужо дзед.. [Сашку] будзіць. Бабка ж Вікця нездаволена бурчыць на дзеда: куды гэта ён у такую рань малога ўскатурхвае. Даніленка.

3. безас. у знач. вык. Утвараць глухія пераліўныя гукі; бурліць. — У мяне, чалавека цярплівага, і то ў жываце бурчыць, пара і перакусіць, — ранейшай скорагаворкай прамовіў.. [Бабейка]. Хадкевіч.

бурчлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць бурчлівага.

бурчлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і бурклівы.

буршты́н, ‑у, м.

Скамянелая, жоўтая, празрыстая смала хвойных дрэў, якая ўжываецца для вырабу розных аздоб. Па беразе ўжо бегалі жвавыя хлапчукі, шукаючы выкінутага морам бурштыну. Сабаленка. — Глядзі, колькі там бурштыну, — сказала.. [Нэлі], высыпаўшы перад [Васілём] на стол жменю жаўтаватых каменьчыкаў. Савіцкі.

буршты́навы, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з бурштыну. Бурштынавыя каралі. Бурштынавы муштук. □ З-пад жакеціка віднеўся блакітны кафтанік, зашпілены бурштынавай брошкай. Грамовіч.

2. Колерам падобны на бурштын. Уліта Антонаўка падала на стол стары медны самавар і талерку, напоўненую свежым бурштынавым мёдам. Шамякін. У агародчыку гараць вяргіні, нізкарослыя дрэўцы аж прыгінаюцца да зямлі ад цяжару бурштынавых сліў. С. Александровіч.