бурча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць глухія гукі, выказваючы нездавальненне або пагрозу (пра жывёл). Кудлаты і нязграбны малы сабака папробаваў бурчаць, пасля сціх. Чорны. // Утвараць падобныя гукі (пра нежывыя прадметы). Насоўвалася хмара, недзе далёка бурчаў гром. Рылько. Рэзка бурчалі і вылі асколкі, ціўкалі кулі. Сачанка.

2. Разм. Сярдзіта, нездаволена мармытаць; бубніць. — Вось бяда, дык бяда, ледзь не праспаў, а сёння апошні дзень старога года, — бурчаў сам на сябе дзед. — Працы ж у мяне, бацюхны мае... П. Ткачоў. Ужо дзед.. [Сашку] будзіць. Бабка ж Вікця нездаволена бурчыць на дзеда: куды гэта ён у такую рань малога ўскатурхвае. Даніленка.

3. безас. у знач. вык. Утвараць глухія пераліўныя гукі; бурліць. — У мяне, чалавека цярплівага, і то ў жываце бурчыць, пара і перакусіць, — ранейшай скорагаворкай прамовіў.. [Бабейка]. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)