Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ану́, выкл.

Разм.

1. Выражае заклік ці прымушэнне да дзеяння. — Ану, сып! Палі! — пачаў прытупваць фарсісты салдат, нябачаныя каленцы выкідваць, запрашаючы іншых у круг. Гурскі. — Ты чаго тут? — гневаецца жанчына, пазнаўшы сына. — Ану, вылазь! Гарбук.

2. (у спалучэнні з Р займ. 2 і 3 ас. адз. і мн.). Адпавядае па значэнню словам: «адчапіся», «адвяжыся» і пад. [Ярына:] — Ану цябе, Ігнат! От, як прыстане, дык хоць ты яму кол на галаве чашы. Бажко.

3. (у спалучэнні з часціцай «ж»). Можа быць. Ану ж ды выйдзе што-небудзь.

анулява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ануляваць.

анулява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ануляваць.

анулява́цца, ‑люецца; незак.

Зал. да ануляваць.

анулява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., што.

Скасаваць (касаваць), прызнаць (прызнаваць) несапраўдным. Ануляваць дагавор.

ануля́цыя, ‑і, ж.

Прызнанне несапраўдным (якога‑н. акта, дагавору, права і пад.); скасаванне.

ану́ча, ‑ы, ж.

1. Кавалак, абрэзак тканіны (звычайна такой, якая ўжо была ва ўжытку). [Лабановіч:] — Паколькі лесу ў раёне Дзямянава Гуза няма, дык ты прымацуй да ёмкага кія дзяружку, хустку ці проста анучу і такім саматужным сцягам памахай мне. Колас.

2. Рваныя паношаныя рэчы; старое адзенне. Хата.. не зліняла, смецця ў хаце больш не стала, анучы з палатак не прапалі. Чорны.

3. Кавалак тканіны, якой абмотваюць ногі перш чым абуцца. [Бацька] уставаў на золку, выцягваў з пячуркі падсохлыя анучы, абуваўся ў лапці. Навуменка.

4. толькі мн. (ану́чы, ‑аў). Пагард. Убранне, строі.

5. перан. Бесхарактарны, бязвольны чалавек. Ануча, а не чалавек, — запярэчыў Галаскок. Хто што хоча, тое і робіць. Крапіва.

•••

Як анучаю па зубах — сказаць каму‑н. што‑н. непрыемнае.

ану́чнік, ‑а, м.

Той, хто збірае анучы (у 1 і 2 знач.) або скуплівае іх у абмен на якія‑н. тавары. Праходзілі праз Пасадзец розныя людзі: дзегцяры, анучнікі, карабейнікі-пешаходы. Бядуля.

ану́чніца, ‑ы, ж.

1. Жан. да анучнік.

2. Разм. Жанчына, якая захапляецца ўборамі, строямі.

ану́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да анучы (у 1, 2 і 3 знач.).