інтэнсі́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Напружаны, узмоцнены. Інтэнсіўны рух машын. Інтэнсіўная вучоба. Інтэнсіўная перастрэлка.
2. Які дае найбольш высокую прадукцыйнасць. Інтэнсіўны адкорм свіней. Інтэнсіўнае вядзенне земляробства.
[Ад лац. intensio — напружанне, узмацненне.]
інтэнсіфікава́цца, ‑куецца; незак.
Зал. да інтэнсіфікаваць.
інтэнсіфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., што.
Кніжн. Зрабіць (рабіць) больш інтэнсіўным, павялічыць (павялічваць) інтэнсіўнасць чаго‑н. Інтэнсіфікаваць вытворчыя працэсы.
інтэнсіфіка́цыя, ‑і, ж.
Кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. інтэнсіфікаваць. Інтэнсіфікацыя працы. Інтэнсіфікацыя вытворчасці. Інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі.
[Фр. intensification.]
інтэ́рас, ‑у, м.
1. Разм. Справа, дзелавая патрэба. [Данілка:] А я маю да цябе важны інтэрас: пазыч ты мне жыл на струны. Купала. — Аўгінька, ці ў хаце твой бацька? Я маю да яго інтэрас. Зарэцкі.
2. Абл. Занятак гандлем; крама. — Які цяпер гандаль, хто цяпер гандлюе. Усе тыя, што калісь мелі свой інтэрас, цяпер вунь дзе гандлююць... Сабаленка.
інтэрба́чанне, ‑я, н.
Міжнароднае тэлевізійнае аб’яднанне, створанае ў 1960 г. ў Празе, а таксама перадачы па яго сетцы. Праграма інтэрбачання.
інтэрвака́льны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца паміж галоснымі гукамі (пра зычныя гукі і іх становішча).
[Ад лац. inter — паміж, vocalis — галосны гук.]
інтэрва́л, ‑у, м.
1. Адлегласць, прамежак, прастора, якая аддзяляе адзін прадмет ад другога. Паходныя інтэрвалы. □ Машыны ішлі то невялічкімі групамі, то па адной, з пэўным інтэрвалам. Дадзіёмаў.
2. Перапынак, прамежак часу. Дзесяцісекундны інтэрвал. □ — Мы ідзём не па раскладу, і прапускаць наш састаў будуць у інтэрвалах між другімі цягнікамі. Пальчэўскі. [Мішка], не спяшаючыся, з пэўнымі інтэрваламі, старанна нацэльваючыся, страляў са сваёй ракетніцы. Лынькоў.
3. Розніца па вышыні паміж двума гукамі, утворанымі паслядоўна або адначасова.
[Лац. intervallum.]
інтэрве́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Удзельнік або арганізатар інтэрвенцыі; захопнік. Выгнанне з беларускай зямлі інтэрвентаў Антанты. Барацьба беларускага народа з замежнымі інтэрвентамі.
інтэрве́нцкі, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і інтэрвенцыянісцкі. Інтэрвенцкая банда.