Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лапату́н, ‑а, м.

Разм. Той, хто многа і бесперастанку гаворыць; балбатун.

лапату́ха, ‑і, ДМ ‑тусе; Р мн. ‑тух; ж.

Разм. Жан. да лапатун.

лапаце́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лапацець, а таксама гукі гэтага дзеяння.

лапаце́ць, ‑ціць; незак.

Тое, што і лапатаць (у 1 знач.). Грэбляй цягнуліся з торфам фурманкі, услед за імі лапацеў гусенічны трактар. Кірэйчык.

лапа́цісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Падобны па форме на лапату. Падмятаў тратуар невысокі каржакаваты стары з лапацістаю рыжаю барадою. Якімовіч.

лапа́ціць, лапачу, лапаціш, лапаціць; незак., што.

Разм. Перасыпаць што‑н. лапатаю. Лапаціць збожжа.

ла́паць 1, ‑пця; Р мн. ‑пцей; м.

1. Сялянскі абутак, плецены з лыка, бяросты ці вяровак. Лазовыя лапці. Вяровачныя лапці. □ Сівабароды стары ў сівым армяку, у лапцях, з торбай, стаяў ля пераезду, паклаўшы рукі на кій. Хадкевіч.

2. перан. Разм. пагард. Пра адсталага, некультурнага чалавека.

•••

Абуць у лапці гл. абуць.

На лапці не аб’ехаць гл. аб’ехаць.

Плесці кашалі з лапцямі гл. плесці.

ла́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Разм. Хапаць, мацаць рукамі. [Груня:] Адыдзі! Раней вытры нос, а потым лапай... Гурскі. Маці цяжка ўздыхала, ўпоцемку лапала па чарэні — намацвала лучыну. Капыловіч.

лапіда́рнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць лапідарнага; сцісласць, выразнасць (стылю, формы). Лапідарнасць выказвання.

лапіда́рны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Сціслы, але выразны, зразумелы (пра стыль, форму пісьма). Лапідарны стыль.

[Ад лац. lapidarius — рэзчык па камені.]

ла́пік, ‑а, м.

Разм.

1. Лапіна. Дзе-нідзе ля вёскі з-пад снегу віднеліся лапікі чорнай зямлі. Гроднеў. Дзядзька Лаўрэн і дзядзька Антон узаралі лапік поля і штосьці пасеялі. Грамовіч.

2. Латка (у 1 знач.). Прышыць лапік.