Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стрэ́лачніца, ‑ы, ж.

Жан. да стрэлачнік.

стрэ́лачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да стрэлкі (у 1 знач.), з’яўляецца стрэлкай. Стрэлачны паказальнік. // Забяспечаны стрэлкай-паказальнікам. Стрэлачны тэлеграф.

2. Які мае адносіны да стрэлкі (у 3 знач.). Стрэлачны ліхтар. Стрэлачны рычаг. // Які мае адносіны да абслугоўвання стрэлкі (стрэлам). Стрэлачны пост.

стрэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. Зрабіць выстрал; выстраліць. Сяржант ускінуў угару карабін, умомант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Вартавы ляснуў затворам і стрэліў. Гроднеў. // Разм. Хутка паляцець. Кавалеўскі ўлажыў муштук у левую далонь, стукнуў па ёй правай і акурак стрэліў далёка на падлогу. Чарнышэвіч.

2. перан. Утварыць рэзкі, адрывісты гук, падобны па выстрал. На патэльні гучна стрэліла сала. Асіпенка. // Выкінуць, выштурхнуць з сілай іскры, дым і пад., утварыўшы пры гэтым рэзкія адрывістыя гукі. Электрапеч вохкнула і стрэліла доўгімі іскрамі. Карпаў. // чым. Разм. Утварыць адрывісты прарэзлівы гук, ляснуўшы чым‑н. Стрэліць пугай.

3. безас. Разм. Закалоць (пра адчуванне вострага імгненнага болю). Раптам дзяўчыне стрэліла ў галаву, што яна ад плачу змянілася ў твары. Карпюк. Прыўзняў [Андрэй] рукі — цэлыя, паспрабаваў варухнуць нагамі — божухна! — гэткі боль абпаліў, што ажно ў [галаву] стрэліла. Б. Стральцоў.

стрэ́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Вузкая і тонкая пласцінка з завостраным канцом, якая паварочваецца на восі і паказвае час, напрамак і пад. у розных вымяральных прыборах. Гадзіннікавая стрэлка. Стрэлкі компаса. □ Стрэлка манометра пасоўвалаа ўправа, набліжаючыся да чырвонай рыскі. Васілёнак. Стрэлкі прыбораў іскрыліся, паказвалі зададзеную вышыню, а хуткасць перайшла лічбу, якую назваў капітан. Алешка.

2. Знак для ўказання напрамку ў выглядзе лініі, ад канца якой пад вострым вуглом адходзяць дзве кароценькія рыскі. Стрэлкі руху ветру. □ На ўсё былі таблічкі, адмысловыя стрэлкі з надпісамі: да кіпятку трыццаць... дваццаць... дзесяць метраў. Лынькоў. // Узор, рысунак такой формы. Панчохі са стрэлкамі. / Пра бровы, вусы і пад. Стрэлкі густых, прыгожых брывоў [жанчыны] ўзлятаюць угору. Навуменка.

3. Прыстасаванне на рэйкавых пуцях для пераводу рухомага саставу з аднаго пуці на другі. Цягнік выкіраваўся за стрэлкі і пачаў набіраць хуткасць. С. Александровіч. Міколка прыслухоўваўся, як прабягаў з шумам і грукатам.. пастукваючы на стрэлках, цягнік. Лынькоў.

4. Вузкі і доўгі выступ сушы; пясчаная каса. Дзве доўгія стрэлкі прычалаў уразаліся далёка ў заліў. Шамякін.

5. Бязлістае тонкае сцябло расліны з суквеццем наверсе. Бульба прарастала з-пад падрубы пограба, гнала на двор бледна-ружовыя кволыя стрэлкі. М. Стральцоў. Калі з’явіцца кветкавая стрэлка, зямлю багата наліваюць. «Беларусь». // Вузкі, доўгі парастак, ліст расліны. Стрэлкі цыбулі.

6. толькі мн. (стрэ́лкі, ‑лак). Травяністая расліна сямейства крыжакветных з маленькімі белымі кветачкамі і стручкамі ў форме сумачкі.

7. Абл. Страказа. У паветры купаліся блакітныя са слюдзянымі крыльцамі стрэлкі. Сачанка.

•••

Магнітная стрэлка — тонкі магніт у выглядзе выцягнутага ромба, які рухаецца вакол вертыкальнай восі компаса і заўсёды павернуты адным канцом на поўнач.

стрэ́лкавы, ‑ая, ‑ае.

Які даў, пусціў стрэлку (стрэлкі) (у 5 знач.). Стрэлкавая цыбуля.

стрэлкалі́ст, ‑у, М ‑сце, м.

Шматгадовая балотная або водная травяністая расліна сямейства шальнікавых з белымі кветкамі і стрэлападобным лісцем.

стрэ́льба, ‑ы, ж.

Ручная агнястрэльная зброя з доўгім ствалом. Усе .. [палешукі] былі заўзятыя паляўнічыя, захопліваліся адным толькі выглядам стрэльбы і былі выдатнымі стральцамі. Колас. Мне не будзе спакойна спацца, Я не выпушчу стрэльбу з рукі, Пакуль ёсць паны ў палацах, Пакуль ёсць на зямлі жабракі. Панчанка.

•••

Стрэльба цэнтральнага бою — стрэльба, якая зараджаецца з задняй часткі ствала.

стрэ́льбавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стрэльбы. Стрэльбавы чахол.

стрэ́льбішча, ‑а, н.

Участак, спецыяльна абсталяваны для вучэбнай стральбы з агнястрэльнай зброі.

стрэ́льнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да страляць (у 1, 3, 4 і 5 знач.).