Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

старцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак.

Разм. Тое, што і жабраваць. Абодва [суседы] пайшлі старцаваць... Во да чаго суды давялі! Місько. // перан. Звяртацца з просьбамі даць што‑н., выпрошваць што‑н. [Мароз:] — Кардашова выбралі, знайшлі дзеяча! Толькі і ведае старцаваць кожную вясну: сена, аўса, насення. Лобан.

старцо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Такі, як у старца; уласцівы старцу, які належыць старцу. Старцоўская торба.

старча́к, ‑а, м.

1. Палка, тонкі кол, уваткнутыя ў зямлю. Узбіцца на старчак.

2. Прадмет, які стаіць старчма. З возера — чым далей, тым больш — паказваюцца наверх нейкія чорныя старчакі. Брыль.

старчако́м, прысл.

Стаўма, вертыкальна, старчма. Падняўшы гарачы прэнт .. і трымаючы яго старчаком, як свечку, каваль падышоў бліжэй да хлапца. Кулакоўскі. // Тарчма (пра валасы, шчаціну і пад.). Валасы стаяць старчаком, як іголкі ў вожыка, мне іх ніколі не ўдавалася прычасаць. Навуменка.

старчма́, прысл.

Тое, што і старчаком. Лодку падкідвала, куляла з боку на бок, ставіла старчма, залівала вадой, але яна зноў і зноў усплывала на паверхню. Дуброўскі. Колас наліўся; ён не тырчыць старчма, а хіліцца на пругкай сцябліне. Асіпенка.

старчмака́, прысл.

Абл. Старчаком, старчма. Бывае ўсходзіцца рака І загрыміць, як гром, — Пастануць сосны старчмака, Гудуць, што ў буралом. Броўка.

старчы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Жан. да старац (у 1 знач.).

старшакла́снік, ‑а, м.

Вучань блізкага да выпуску класа.

старшакла́сніца, ‑ы, ж.

Жан. да старшакласнік.

старшаку́рснік, ‑а, м.

Навучэнец, студэнт блізкага да выпуску курса.