стартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.
Пачаць (пачынаць) спартыўнае спаборніцтва па хадзьбе, бегу, яздзе, плаванню. Першымі стартуюць жанчыны на дыстанцыю 15 км на дарожных машынах. «Звязда». // Пачаць (пачынаць) палёт, узляцець (узлятаць) на лятальным апараце. Фантастыка? А колькі год мінула, Як першы спадарожнік стартаваў? Грахоўскі. Перш чым «Гедэон» стартаваў, наземныя і касмічныя станцыі доўга вывучалі прастору вакол намечанага раёна. Шыцік.
ста́ртавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да старту (у 1 знач.), звязаны са стартам. Стартавы сігнал. // Які служыць для падачы сігналаў на старце. Стартавы пісталет.
2. Які мае адносіны да старту (у 2 знач.), які знаходзіцца на старце, паказвае лінію старту. Стартавая лінія. Стартавая пляцоўка.
ста́ртэр, ‑а, м.
1. Той, хто дае сігнал старту.
2. Прыстасаванне, механізм для запуску аўтамабільных, авіяцыйных і пад. рухавікоў. Неўзабаве .. [Аляксей] залез у кабіну адной машыны, паспрабаваў завесці, Стартэр не дзейнічаў. Новікаў.
[Англ. starter.]
ста́ртэрны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стартэра (у 2 знач.). Стартэрны акумулятар.
старцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак.
Разм. Тое, што і жабраваць. Абодва [суседы] пайшлі старцаваць... Во да чаго суды давялі! Місько. // перан. Звяртацца з просьбамі даць што‑н., выпрошваць што‑н. [Мароз:] — Кардашова выбралі, знайшлі дзеяча! Толькі і ведае старцаваць кожную вясну: сена, аўса, насення. Лобан.
старцо́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Такі, як у старца; уласцівы старцу, які належыць старцу. Старцоўская торба.
старча́к, ‑а, м.
1. Палка, тонкі кол, уваткнутыя ў зямлю. Узбіцца на старчак.
2. Прадмет, які стаіць старчма. З возера — чым далей, тым больш — паказваюцца наверх нейкія чорныя старчакі. Брыль.
старчако́м, прысл.
Стаўма, вертыкальна, старчма. Падняўшы гарачы прэнт .. і трымаючы яго старчаком, як свечку, каваль падышоў бліжэй да хлапца. Кулакоўскі. // Тарчма (пра валасы, шчаціну і пад.). Валасы стаяць старчаком, як іголкі ў вожыка, мне іх ніколі не ўдавалася прычасаць. Навуменка.
старчма́, прысл.
Тое, што і старчаком. Лодку падкідвала, куляла з боку на бок, ставіла старчма, залівала вадой, але яна зноў і зноў усплывала на паверхню. Дуброўскі. Колас наліўся; ён не тырчыць старчма, а хіліцца на пругкай сцябліне. Асіпенка.
старчмака́, прысл.
Абл. Старчаком, старчма. Бывае ўсходзіцца рака І загрыміць, як гром, — Пастануць сосны старчмака, Гудуць, што ў буралом. Броўка.