Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лесіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

Спец.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. лесіраваць.

2. Тонкі слой, мазок празрыстай фарбы на карціне.

ле́скі, ‑сак; адз. няма.

Тое, што і драбіны (у 1 знач.). Вялічка ўбег у сенцы двухпавярховага мураванага дома, убачыў вузенькія прыстаўныя лескі і.. узлез на гару. Чорны.

леснікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм. Займацца леснікоўствам, служыць лесніком. [Сяргей:] — Пятру твайму гадоў восем было, калі бацька кінуў леснікаваць. Шамякін.

лесніко́ў, ‑ова.

Які належыць лесніку. Між глыбокіх снягоў, Дзе лес глуха шуміць, Ціхі дом леснікоў Адзінока стаіць. Колас.

лесніко́ўна, ‑ы, ж.

Разм. Дачка лесніка. Як на шчасце, паявілася леснікоўна. Вясёлая, гаваркая, прынадная дзяўчына як з неба звалілася разам з бацькам сваім, новапрызначаным лесніком. Мележ.

лесніко́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з асаблівасцямі працы лесніка, прызначаны для яго працы. Леснікоўскае жыццё. □ Бацька зняў з цвіка сваю леснікоўскую торбу з кутасамі і насыпаў сыну жменю духмяных сакаўных суніц. С. Александровіч.

лесніко́ўства, ‑а, н.

Занятак, служба, дзейнасць лесніка. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Як я цяпер разумею, бацьку няміла было леснікоўства, цягнула праца на зямлі. Лужанін. Леснікоўства Антону палюбілася. Ермаловіч.

леснічо́ўка, ‑і, ДМ ‑чоўцы; Р мн. ‑човак; ж.

Разм. Хата лесніка і яго сям’і. Некалі на гэтым Месцы стаяла.. леснічоўка, у якой жыў панскі ляснік Міхал Міцкевіч. С. Александровіч. На маленькай утульнай палянцы стаіць адзінокая леснічоўка. Шамякін.

леснічо́ўна, ‑ы, ж.

Тое, што і леснікоўна. У леснічоўцы — леснічоўна. Бацькі якраз на кірмашы! Ноч нахапілася раптоўна. Яна і ён. І ні душы. Барадулін.

леснічы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Разм. Жонка лесніка.