Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

інтрыга́нскі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы інтрыгану, інтрыганцы. Інтрыганскія ўчынкі.

інтрыга́нства, ‑а, н.

Паводзіны і ўчынкі інтрыгана, інтрыганкі.

інтрыго́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інтрыгі (у 2 знач.). І ўсюды кожная рыска гэтага малюнка захапляе, хвалюе сама па сабе, з’яўляецца інтрыгоўнай і важнай у сюжэце. Клімковіч.

інтрыгу́ючы, ‑ая, ‑ае.

Які інтрыгуе, зацікаўлівае, узбуджае інтарэс сваёй таямнічасцю. Інтрыгуючая назва кнігі. □ — А вы не пашкадуеце потым, калі даведаецеся, аб чым ідзе гутарка? — з інтрыгуючай нахабнасцю, нібы пагражаючы, цягнуў далей незнаёмы. Машара.

інтры́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Памянш. да інтрыга (у 1 знач.). Пошлая інтрыжка. □ Згіньце, Пігмеі і душагубы, Аматары склок І майстры інтрыжак. Кірэенка.

2. Мімалётная любоўная сувязь. Любоўная інтрыжка. □ Адчувалася, нібы і пад гэтай меднай грыўкай, гулліва навісаўшай на лоб, калышуцца цьмяныя думкі, якія ніяк не ўкладваюцца ў сталы, прызвычаены свет яе [Любіных] інтарэсаў: інстытуцкія хлопцы, дзяўчаты, нявінныя інтрыжкі. Лынькоў.

інтуітыві́зм, ‑у, м.

Рэакцыйны суб’ектыўна-ідэалістычны напрамак у буржуазнай філасофіі эпохі імперыялізму, які імкнецца прынізіць навуковае, лагічнае пазнанне, супроцьстаўляючы яму інтуіцыю (у 2 знач.).

інтуітыві́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік інтуітывізму.

інтуіты́ўны,

Заснаваны на інтуіцыі (у 1 знач.). Гэта быў інтуітыўны пратэст, не падмацаваны ніякімі педагагічнымі формуламі. Шамякін. — Я выразна не магу акрэсліць маё пачуццё ў адносінах да .. [Віктара], яно нейкае інтуітыўнае. Машара.

інтуі́цыя, ‑і, ж.

1. Неўсвядомленае чуццё, заснаванае на папярэднім вопыце, якое накіроўвае на правільныя дзеянні; прадбачлівасць, здагадка. За доўгую практыку ў [цёткі Эмілі] развілася такая інтуіцыя, што ў дзевяноста выпадках яна трапляла акурат на такіх людзей, з якімі можна было дагаварыцца. Маўр. — Дакладнасць — добрая рэч, — змякчаў сваю рэзкасць начальнік штаба, — але ж часамі патрэбна разведчыкаў і інтуіцыя, нюх ці як хочаш гэта называй... Шахавец.

2. У ідэалістычнай філасофіі — нейкая містычная здольнасць непасрэднага пазнання ісціны без дапамогі вопыту і лагічных вывадаў.

[Ад лац. intueri — пільна, уважліва глядзець.]

інтуры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Замежны турыст, падарожнік.