Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

устано́ва, ‑ы, ж.

Грамадская ці дзяржаўная арганізацыя, якая кіруе пэўнай галіной гаспадаркі, гандлю і пад., занятая адпаведнай дзейнасцю. Дзяржаўныя ўстановы. Навукова-даследчыя ўстановы. □ Да рэвалюцыі ў Беларусі не было вышэйшых навучальных устаноў. Пшыркоў.

•••

Закрытая навучальная ўстанова — навучальная ўстанова, выхаванцы якой жывуць на поўным забеспячэнні і не маюць права самавольна адлучацца.

устано́вачны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для ўстаноўкі чаго‑н. Установачная шруба. Установачная дошка.

2. Які дае ўстаноўку (у 3 знач.), прынцыпова важны. Установачныя тэзісы. Установачны артыкул.

устано́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. устанаўліваць — устанавіць (у 1 знач.).

2. Механізм, прыстасаванне. Рэнтгенаўская ўстаноўка. Буравая ўстаноўка. Дажджавальная ўстаноўка. □ Ля корпуса [універсітэта] стаяла машына з пражэктарнымі ўстаноўкамі. Шахавец. Спецыяльныя аўтаматычныя ўстаноўкі падтрымлівалі пастаянную тэмпературу і вільготнасць у пакоі. Шыцік. // Разм. Баявая гармата, ракета, спараныя кулямёты. Узрывы гранат ярка асвятлялі зенітныя ўстаноўкі. Лынькоў.

3. Мэтавая накіраванасць, арыенціроўка на што‑н. Устаноўка на якасць прадукцыі. □ Творчая ўстаноўка пісьменніка ў пазнейшых апавяданнях істотна адрозніваецца ад той, якую мы бачылі ў першых празаічных вопытах. Навуменка. // Дырэктыва, прынцып, накіроўваючае ўказанне. Ленінскі этап не абмяжоўваецца перыядам жыцця Леніна, гэты этап няспынна працягваецца тэарэтычнай дзейнасцю КПСС і брацкіх партый, увасабляецца ў праграмных устаноўках сусветнага камуністычнага руху. «Звязда».

4. У псіхалогіі — схільнасць суб’екта да пэўнай актыўнасці пры пэўнай сітуацыі; цэннасныя арыентацыі асобы, індывідуума.

устано́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад устанавіць.

устано́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае сваёй мэтай заснаванне, арганізацыю чаго‑н. Устаноўчы сход. Устаноўчы з’езд.

устано́ўшчык, ‑а, м.

Той, хто ўстанаўлівае што‑н. [Камандзір:] — Канчай сваё пісьмо ды будзем трэніраваць устаноўшчыкаў трубкі. Шамякін.

устапы́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад устапырыць.

устапы́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да устапырыць.

устапы́рыцца, ‑рыцца; зак.

Падняцца ўверх (пра валасы, шэрсць, шчаціну і пад.); натапырыцца. Расказчык паглядзіць абалдзела, потым зразумее, і, сярдзіта чмыхнуўшы носам, — аж устапырыцца падстрыжаная шчапоцька вусоў — падымецца ад цяпла, буркне пад нос: — Пайсці хіба заставы праверыць... Лынькоў.

устапы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Падняць уверх валасы, шэрсць, шчаціну і пад.; натапырыць.