Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

успе́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да успеніць.

успе́рці, узапру, узапрэш, узапрэ; узапром, узапраце; пр. успёр, ‑перла; зак., каго-што.

Разм.

1. Падняўшы, ускласці што‑н. цяжкае, грувасткае на каго‑, што‑н., куды‑н. Усперці мяшок на спіну.

2. Надзець, абуць што‑н. цеснае. Боты цесныя, ледзь успёр на ногі.

3. Абаперці (рукі, ногі і пад.) на каго‑, што‑н. Лапы сам [заяц] На пень успёр, Азірнуў натоўп і бор. Калачынскі.

4. Узнесці. Усперці шафу на чацвёрты паверх.

5. перан. Пералажыць якія‑н. цяжкія абавязкі, віну і пад. на каго‑н. другога. Добра, што Лейкі не было. А каб была! Яна б завыла, залямантавала, вылаяла б увесь свет, а потым усю віну ўсперла б на Алтара. Чарнышэвіч.

успе́рціся, узапруся, узапрэшся, узапрэцца; узапромся, узапрацеся; пр. успёрся, ‑перлася; зак.

Разм.

1. Абаперціся, аблакаціцца на каго‑, што‑н. Стары давалокся да стала знясілены, усцягнуўся на край лавы і ўспёрся ўпалымі грудзямі на стол. Кірэенка. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Чалавек адказаў яму такім жа свістам і зноў успёрся на локаць. Крапіва. — Не, мне няцяжка, — бадзёра адказвае Косцік. А самому робіцца шкада маткі. Вунь якая яна. Белая і ледзь ідзе. — Ты ўзапрыся на мяне, узапрыся, пойдзем памаленьку, — гаворыць ён. Арабей.

2. Узлезці, узабрацца куды‑н., на што‑н. Адась успёрся на [плот] і пачаў глядзець на балота пад узгоркам. Чорны.

3. Рана ўстаць. Успёрся ў такую рань. □ А заспяваюць другія пеўні — ногі самі сабой ссоўваюцца з ложка. Дзіва — і мёртвы ўстаў бы, калі стары, крэкчучы, успёрся, пачаў сноўдацца па хаце. Мележ.

успе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Змагчы зрабіць што‑н. своечасова, у тэрмін. За свае дваццаць шэсць год.. [Кастусь Каліноўскі] ўспеў зрабіць многае. С. Александровіч. І посуд Алеся прыбрала, І ўспела схадзіць на раку. Калачынскі. // Прыйсці ў які‑н. стан за які‑н. час. Малако ўспее за дзень скіснуць. // Прыбыць куды‑н. у час, не спазніцца. [Брадзнік:] — Няма калі чакаць, бабуля.. Дадому трэба дабірацца.. — Даедзеце шчэ, успееце. Кандрусевіч.

•••

Не ўспець (што‑н. зрабіць) як... — тое, што і не паспець (што‑н. зрабіць) як... (гл. паспець ​2). [Жанчына:] — Вы яшчэ і падняцца не ўспееце, як .. [гаспадар] можа вярнуцца. Кулакоўскі.

успёрты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усперці.

успіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да усперціся.

успіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да усперці.

успіха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узапхнуць, успіхнуць.

успі́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узапхнуць, успіхнуць.

успіхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і узапхнуць (у 1 знач.). Хлопцы хутка давалаклі.. [ваўчанё] да месца, успіхнулі на павозку. Якімовіч.