усе... (а таксама уся...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая: 1) адпавядае па значэнню займенніку увесь (уся), усе і паказвае, што дзеянне і ўласцівасць, выражаныя другой часткай слова, пашыраюцца на ўсіх, напрыклад: усеагульны, усебаковы, а таксама сведчыць, што з’ява, прадмет, названыя азначальным словам, бяруцца ў аб’ёме чаго‑н., у межах чаго‑н. (адпавядае па значэнню слову «агульна...»), напрыклад: усенародны, усеславянскі, усесаюзны; 2) абазначае паўнату якасці, выражаную другой часткай слова, напрыклад: усеўладны, уселітасцівы.
усеагу́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць усеагульнага.
усеагу́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўсіх, ахоплівае ўсіх, распаўсюджваецца на ўсіх. Усеагульнае выбарчае права. Усеагульнае абавязковае сярэдняе навучанне. □ Адам Ружанцоў.. не адыходзіў да самай поўначы ад аварыйнага будынка. Яго таксама захапіла ўсеагульная ўзрушанасць. Чыгрынаў. На кожнай станцыі студыйцы прыцягваюць да сябе ўсеагульную ўвагу. Сяргейчык.
усебако́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць усебаковага. Усебаковасць адлюстравання рэчаіснасці. Усебаковасць развіцця народнай гаспадаркі.
усебако́вы, ‑ая, ‑ае.
Які ахоплівае, разглядае што‑н. з усіх бакоў. Эканамічная камісія Савета Нацыянальнасцей створана з мэтай далейшага паляпшэння народнага планавання і ўсебаковага ўліку запатрабаванняў саюзных рэспублік. «Звязда». Шырокія грамадскія функцыі беларускай мовы садзейнічалі яе ўсебаковаму развіццю, удасканаленню фанетыка-марфалагічнай сістэмы і сінтаксічнага ладу, узбагачэнню слоўнікавага саставу і выпрацоўцы разнастайных стыляў. Суднік.
усебелару́скі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ўсёй Беларусі, агульны для ўсёй БССР. Усебеларускі злёт ударнікаў працы.
усево́буч, ‑а, м.
Усеагульнае вайсковае абучэнне.
усе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1. (пераважна з адмоўем «не»). Утрымацца ў сядзячым становішчы, не падаючы пры штуршках, гайданні і пад. [Конь], нарэшце, ірвануў, ды так, што цётка не ўседзела і навалілася на воз. Ус.
2. Застацца сядзець, знаходзіцца на месцы. Калі бацька пайшоў, Таццяна не магла адна ўседзець у хаце і зноў выйшла на вуліцу, накіравалася да школы. Шамякін. Турбавала яго [Я. Коласа] і тое, што часам улетку стаяла суш. Тады цяжка было паэту ўседзець за пісьмовым сталом. С. Александровіч. Львіцы — як толькі могуць уседзець яны ў адной клетцы! — з чыста жаночай цікавасцю паглядалі праз краты: што робіцца на белым свеце? Лужанін. // Прабыць некаторы час без работы. Я знаю — Ўседзець не змаглі б Без справы там і вы, Калі б пачулі, Як іграў Наш Пецька Канцавы. Кірэенка.
3. перан.; (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы ўтрымацца на якой‑н. пасадзе. Ды час прабіў. Дыхнула бура.. Не ўседзеў цар у сваіх мурах. Колас. [Сыч:] — Дзе тут уседзець у нас, ды яшчэ доктару біялагічных навук! Паслядовіч.
усе́длівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць уседлівага. Нялёгка давалася Карпу навука, і Баранавіч дзівіўся яго ўпартай настойлівасці і неверагоднай уседлівасці. Дуброўскі.
усе́длівы, ‑ая, ‑ае.
Здольны доўга і цярпліва займацца якой‑н. сядзячай працай. Асю не прыходзіцца доўга выклікаць. Яна вельмі акуратная і ўседлівая ў працы. Шынклер. // Які патрабуе працяглай і напружанай працы. Пачалася ўседлівая карпатлівая работа над помнікам. Васілёнак.