ту́бус, ‑а, м.
Спец. Труба ў аптычных прыборах. Тубус мікраскопа.
[Лац. tubus.]
ту́былец, ‑льца, м.
Тое, што і туземец. Другія за шмаццё, за ром, За шкло, люстэркі, фарбы У тубыльцаў і ў іх багоў Выманівалі скарбы. Танк.
ту́былка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Жан. да тубылец.
ту́быльскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тубыльца, уласцівы яму.
туві́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тувінцаў, які належыць, уласцівы ім. Тувінская мова. Тувінскае адзенне.
туві́нцы, ‑аў; адз. тувінец, ‑нца, м.; тувінца, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. тувінкі, ‑нак; ж.
Народ, які складае асноўнае насельніцтва Тувінскай АССР.
туга...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «тугі» (у 1–4 знач.), напрыклад: тугавухі, тугадум.
ту́га,
1. Прысл. да тугі.
2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, цяжкае становішча. [Палкоўнік:] — Калі завяжацца бой, нам будзе туга. Няхай.
3. безас. у знач. вык. Пра недахоп чаго‑н., пра цяжкасці з чым‑н. — З усімі матэрыяламі, хлопцы, туга, — уздыхае начальнік. — Пастаўшчыкі падводзяць. Мыслівец.
туга́, ‑і́, ДМ тузе́, ж.
1. Смутак, маркота, журба. Столькі было тугі па свабодзе і мар пра жыццё, так многа любасці да роднага сабралася ў душы! Брыль. // Пачуццё нуды, выкліканае бяздзейнасцю або немагчымасцю ажыццявіць тое, што задумана. Івана зноў ахапіла туга ад марнасці столькіх яго намаганняў і ў такі час! Быкаў. // Адлюстраванне такога стану, пачуцця (у вачах, на твары і пад.). Зноў на твар .. [маці] кладзецца цень тугі і трывогі. Ракітны. З тваіх вачэй сатру тугу І засвячу празрысты ранак. Матэвушаў. У .. зеленаватых вачах [Яўцеха Гаўрылавіча] была такая туга і такі боль, што нам хацелася хутчэй развітацца, каб не бачыць гэтага. Пянкрат.
2. Выказванне душэўнай прыгнечанасці, скрухі, смутку (у музыцы, песні, вершы і пад.). Вершаў, прасякнутых матывамі тугі, беспрасветнасці жыцця, у Коласа многа, яны закранаюць, бадай, усе больш-менш прыкметныя асяродкі дзейнасці селяніна, яго побыту, працы. Навуменка.