Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стыліза́тар, ‑а, м.

Той, хто займаецца стылізацыяй (у 1 знач.), выкарыстоўвае ў творчасці прыёмы стылізацыі. Чарадзейную сілу мела Купалава адчуванне народнасці ва ўсёй яе непадманнай, недаступнай стылізатару і капіісту першапачатковай праўдзе і прыгажосці. Бярозкін.

стыліза́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стылізатара, стылізатарства. Стылізатарскія прыёмы. Стылізатарскія здольнасці.

стыліза́тарства, ‑а, н.

Тое, што і стылізацыя (у 1 знач.). Пры гэтым .. [Багдановіч] засцярогся як дыдактычнага асветніцтва ў галіне думкі, так і наіўнага стылізатарства ў галіне формы. М. Стральцоў.

стыліза́цыя, ‑і, ж.

1. Наданне мастацкаму твору характэрных рыс якога‑н. пэўнага стылю; падробна пад той або іншы стыль. Стылізацыя пад беларускія народныя песні. // Выкарыстанне ўмоўных прыёмаў у мастацтве. Арнаментальная стылізацыя. // Аднаўленне каларыту якой‑н. эпохі ў вобразах і стылявых асаблівасцях мастацкага твора. Янка Купала пазбегнуў у сваім перакладзе наўмыснай стылізацыі пад старажытнасць. Палітыка.

2. Твор, якому нададзены характэрныя рысы пэўнага стылю.

стылі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто валодае майстэрствам літаратурнага стылю, майстар стылю. Гогаль быў выдатны стыліст, які цудоўна ведаў рускую мову і валодаў ёю, як сапраўдны майстра. «Полымя».

стылі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да стыліст.

стылі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Вучэнне аб стылях мовы. Лацінская стылістыка. Стылістыка рамантызму.

2. Раздзел тэорыі літаратуры, які вывучае стылі мастацкіх твораў. // Сукупнасць вобразных сродкаў мовы якога‑н. мастацкага твора, пісьменніка, літаратурнай школы і пад. Схільнасць да знешне яркіх .. вобразаў адчуваецца ў самой стылістыцы ранніх твораў К. Чорнага. Адамовіч.

стылісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стылю (у 1, 2 знач.), звязаны з ім. Стылістычныя памылкі. □ Амаль кожная праўка ў рукапісе — вынік карпатлівай работы над словам, сведчанне незвычайна тонкага стылістычнага пачуцця і літаратурнага майстэрства У.І. Леніна. «Полымя». // Які мае адносіны да стылю расказвання. Стылістычныя асаблівасці рамана. □ Варта, аднак, зазначыць, што інверсія гэта не просты стылістычны прыём, а глыбокае творчае пранікненне ў сутнасць арыгінала. Палітыка.

•••

Стылістычная памета гл. памета.

стыло́, нескл., н.

Уст. Прылада для пісьма; пяро.

стыло́граф, ‑а, м.

Палачка з пяром на адным канцы і з карандашом на другім, пяро-карандаш. // Вечнае пяро.

[Ад грэч. stylos — палачка для пісьма і graphō — пішу.]