Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

піжа́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да піжамы. Піжамная куртка.

пі́жма, ‑ы, ж.

Расліна сямейства складанакветных з моцным пахам, горкая на смак, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне.

піжо́н, ‑а, м.

Разм. пагард. Пусты малады чалавек, празмерна заняты сваім знешнім выглядам і апрануты вельмі модна; франт. Ёсць сярод нас такі задзірысты піжон — Штаны ў дудачку, чубок з-пад шапкі, А за каўнер вазьмі — папусціць нюні ён, — Ні прынцыповасці, ні смеласці, ні хваткі, Гатоў, як Бобік той, лізаць адразу пяткі. Валасевіч. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў.

[Ад фр. pigeon — голуб.]

піжо́ністы, ‑ая, ‑ае.

Разм. пагард. Падобны да піжона, які паводзіць сябе, як піжон. Славік засумаваў. Яму ўсё абрыдла: піжоністыя сябры, модныя дзяўчаткі,.. пласцінкі з мексіканскімі песнямі. Шамякін.

піжо́нства, ‑а, н.

Разм. пагард. Уласцівасці піжона; паводзіны піжона.

пік, ‑а, м.

1. Спічастая горная вяршыня. Хіба калі-небудзь Забуду я край, Дзе горныя пікі Снягамі пакрыты. Гілевіч.

2. Самы высокі ўздым у развіцці чаго‑н., у якой‑н. дзейнасці. Пік у рабоце электрастанцыі. Пік лактацыі. // перан.; чаго. Вяршыня. Насуперак усім фактам і логіцы вобраз Данкі вырас у маім уяўленні, як пік дасканаласці і прыгажосці. Карпюк.

•••

Гадзіны пік гл. гадзіна.

[Фр. pic.]

пі́ка 1, ‑і, ж.

Зброя ў выглядзе дрэўка з вострым металічным наканечнікам. Ні разу ў жыцці Ваня не трымаў у руках ні вострай шашкі, ні пікі, нават у сядле ніколі не сядзеў. Новікаў.

пі́ка 2,

гл. пікі.

пі́кавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Непрыемны, складаны. Пікавае становішча.

пікадо́р, ‑а, м.

Коннік, удзельнік бою быкоў у Іспаніі, які ўколамі пікі прыводзіць у шаленства быкоў.

[Ісп. picador.]

пі́кала, нескл., н.

Назва самага маленькага і самага высокага па гучанню музычнага інструмента пэўнага віду (флейта, домра і г. д.).

[Ад іт. piccolo — малы, маленькі.]