месцапрабыва́нне, ‑я, н.
Месца, у якім хто‑н. знаходзіцца.
месцапражыва́нне, ‑я, н.
Месца, пункт, дзе хто‑н. жыве, пражывае.
ме́сцейка, ‑а, н.
Памянш.-ласк. да месца (у 1, 2 знач.).
ме́сці, мяту́, мяце́ш, мяце́; мяцём, мецяце́; пр. мёў, мяла́, мяло́; незак., што.
1. Ачышчаць якую‑н. паверхню ад смецця, пылу мятлой, шчоткай і пад. Месці вуліцу. □ Як толькі замільгалі ў акне чырвонаармейскія шапкі, «дзяўчына» старанна ўзялася месці хату. Крапіва.
2. З сілай гнаць, пераносіць што‑н. з месца на месца. Вецер мяце сухі снег.., і, здаецца, што дзесьці адчышчаюць іржавыя нажы наждачнаю шкуркаю ці сыпкім жвірам. Лужанін. Калі садзяць сады, вецер лісце мяце І на сцежках сляды засыпае. Прыходзька. // без дап. З сілай ісці, кружыць (пра мяцеліцу, завею). І снег мяце такі густы, што не відаць, дзе дол, дзе неба. А. Вольскі. Завея мяце, завывае, намятае вялізныя сумёты. Лынькоў. / безас. Пайшоў снег, пачало месці, зраўняла і дарогу, і поле... Пташнікаў.
ме́сціся, мяцецца; незак.
Зал. да месці (у 1 знач.).
ме́сціцца, мешчуся, месцішся, месціцца; незак.
Тое, што і мясціцца (у 1, 3 знач.). У невялічкім пакойчыку .. месціліся жалезны ложак на сетцы, маленькі столік з люстэркам і этажэрка, застаўленая кнігамі. Рамановіч. Перастала біцца вялікае сэрца [пісьменніка], сэрца, у якім месціўся цэлы свет. С. Александровіч.
ме́сяц, ‑а, м.
1. Планета, самая блізкая да Зямлі. Месяц-маладзік. □ Ноч была цёмная — ні месяца, ні зорак на небе. Шыловіч.
2. Дванаццатая частка астранамічнага года, у якой ад 28 да 31 дня. Пёк добры мароз, хоць і быў ужо красавік месяц. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Адрэзак часу ў 30 дзён, калі лічыць ад якога‑н. дня. Месяц прамінуў, як дзень. Гартны. Ішлі спачатку месяцы, потым мінуў год, другі. Ракітны.
•••
Поўны месяц — поўня.
Мядовы месяц — першы месяц пасля шлюбу ў маладых.
месяцападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які нагадвае месяц; круглы, як месяц.
месяцахо́д, ‑а, м.
Касмічны самаходны апарат, які рухаецца па паверхні Месяца.
ме́сяц-ры́ба, месяца-рыбы, ж.
Рыба сямейства скалазубых з кароткім шарападобным целам, якая водзіцца ў цёплых морах.