ме́сці, мяту́, мяце́ш, мяце́; мяцём, мецяце́; пр. мёў, мяла́, мяло́; незак., што.

1. Ачышчаць якую‑н. паверхню ад смецця, пылу мятлой, шчоткай і пад. Месці вуліцу. □ Як толькі замільгалі ў акне чырвонаармейскія шапкі, «дзяўчына» старанна ўзялася месці хату. Крапіва.

2. З сілай гнаць, пераносіць што‑н. з месца на месца. Вецер мяце сухі снег.., і, здаецца, што дзесьці адчышчаюць іржавыя нажы наждачнаю шкуркаю ці сыпкім жвірам. Лужанін. Калі садзяць сады, вецер лісце мяце І на сцежках сляды засыпае. Прыходзька. // без дап. З сілай ісці, кружыць (пра мяцеліцу, завею). І снег мяце такі густы, што не відаць, дзе дол, дзе неба. А. Вольскі. Завея мяце, завывае, намятае вялізныя сумёты. Лынькоў. / безас. Пайшоў снег, пачало месці, зраўняла і дарогу, і поле... Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)