мела́нж, ‑у, м.
Спец. Сумесь валокнаў пражы, афарбаваных у розныя колеры; тканіна з гэтай пражы.
[Ад фр. mélange — сумесь.]
мела́нжавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да меланжу, звязаны з вытворчасцю меланжу. Меланжавы камбінат. // Выраблены з меланжу. Меланжавая тканіна.
мелані́н, ‑у, м.
Спец. Пігмент карычневага або чорнага колеру, які сустракаецца ў розных тканках жывёльных арганізмаў.
[Ад грэч. mélas — чорны.]
меланхалі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Жан. да меланхолік.
меланхалі́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць меланхалічнага.
меланхалі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да меланхоліі, меланхоліка, уласцівы ім. Меланхалічны характар.
2. Схільны да меланхоліі (у 1 знач.). Меланхалічны піяніст адкідваў рукой ліпкія валасы.., ледзь-ледзь дакранаўся да клавіш[аў] і, слухаючы мяккія гукі свайго інструмента, жмурыў вочы. Мікуліч. [Адам Бабарэка] вельмі добры і ад гэтай дабраты свае нават крыху меланхалічны. Скрыган. // Выкліканы меланхоліяй, які выражае меланхолію. Меланхалічная задуменнасць зышла раптам з твару, усмешка азарыла яго. Бядуля.
3. Поўны меланхоліі (у 1 знач.); сумны, журботны, тужлівы. Вада бесперапынна білася ў берагавы схіл, нараджаючы бесперапынны меланхалічны, звінючы гук. Чорны.
меланхо́лік, ‑а, м.
1. Чалавек меланхалічнага тэмпераменту.
2. Чалавек, схільны да меланхоліі (у 1 знач.).
3. Чалавек, хворы на меланхолію (у 2 знач.).
меланхо́лія, ‑і, ж.
1. Сумны настрой, нуда, туга. На сэрца наплыла крыўда, якая ўсё часцей і часцей псавала [Шалюту] настрой, наводзіла на яго цяжкую непазбыўную меланхолію. Дуброўскі.
2. Псіхічнае расстройства, якому характэрны прыгнечаны стан, беспрычынныя страхі, недарэчныя ідэі.
•••
Чорная меланхолія — вельмі дрэнны настрой, туга, якая гняце бесперастанку.
[Ад грэч. mélas — чорны і cholē — жоўць.]
ме́лас, ‑у, м.
Спец. Агульнае паняцце меладычнай, песеннай асновы ў музыцы. З народнай песняй паэзія Купалы .. сутыкаецца ў шматлікіх момантах, але ўзрастае яна не толькі на аснове народнага меласу. Навуменка.
[Грэч. mélos — песня, мелодыя.]
ме́лес, ‑у, м.
Спец. Падобная на сіроп густая маса, якая з’яўляецца адходамі пры вытворчасці цукру; кармавая патака.
[Фр. melasse, ад ісп. melaza.]