ледзяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Пакрывацца зверху лёдам. Зіма ніяк не клалася на зямлю — з неба імжэў дождж са снегам, на эстакадзе рабілася коўзка, а ўначы пры марозе ўсё ледзянела. Карамазаў.
2. Станавіцца халодным як лёд, мерзнуць, дубець. Рукі ледзянеюць. // перан. Нямець, заміраць (ад страху, жаху і пад.). Сэрца ледзянее.
•••
Кроў ледзянее (у жылах) гл. кроў.
Сэрца ледзянее гл. сэрца.
ледзяні́сты, ‑ая, ‑ае.
Які ператварыўся ў лёд; падобны на лёд. Дзед пакаўзнуўся адной нагой і ўпаў у канаўку .. з ледзяністаю снежнаю вадой. Пестрак.
ледзяні́ць, ‑ніць; незак., каго-што.
1. Ператвараць у лёд; замарожваць. Браўся і мароз — ды на суткі, не болей, ледзяніў толькі снег, не выйсці, не высунуцца на дарогу. Пташнікаў. // Пранізваць холадам. Холад настойліва забіраўся пад майкі і ледзяніў цела. Карпаў.
2. перан. (звычайна ў спалучэнні са словамі «кроў», «сэрца», «душу» і пад.). Даводзіць да стану здранцвення, жаху. Думкі, адна страшнейшая за другую, ледзянілі душу. Сіняўскі.
ледзянцо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які з’яўляе цца ледзянцом. Ледзянцовыя цукеркі.
ледзяны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да лёду; які складаецца з лёду. Усё — зямля, дрэвы, стрэхі — пакрылася звонкай ледзяной коркай. Шамякін. // Пакрыты лёдам, абледзянелы. Ледзяныя вяршыні гор. □ Па ледзяных горках коўзаюцца дзеці. Мурашка.
2. Вельмі халодны; халодны як лёд. Дзе-нідзе байцы з першага ж кроку правальваліся па пояс ў ледзяную ваду. Краўчанка. Здольнасць што-небудзь усведамляць вярнулася да Хвядоса ўжо на вуліцы, калі твар яго апякло ледзяным ветрам. Шашкоў. // Застылы, адубелы. Ледзяныя пальцы. Ледзяны твар.
3. перан. Пагардліва-халодны, знішчальны. Ледзяны позірк. // Халодна-раўнадушны, абыякавы. Ледзяныя вочы. Ледзяны выраз твару.
ледніко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ледніка. Ледніковае покрыва. // Утвораны ледніком. Ледніковыя азёры. Ледніковыя наносы.
•••
Ледніковы перыяд гл. перыяд.
ледэры́н, ‑у, м.
Баваўняная тканіна з лакавым пакрыццём, якая імітуе скуру.
[Ад ням. Leder — скура.]
ледэры́навы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з ледэрыну. Ледэрынавыя вокладкі.