Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ласку́тны, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з ласкутоў. Ласкутная коўдра.

ласо́, нескл., н.

Аркан з рухомай пятлёй на канцы для лоўлі жывёл. Накінуць ласо.

[Фр. lasso ад ісп. lazo.]

ласо́сь, ‑я, м.

Буйная марская прамысловая рыба сямейства ласасёвых з мясам чырванаватага колеру.

ласт 1, ‑а, М ‑сце, м.

1. Відазмененая канечнасць некаторых водных жывёл, птушак (марскіх чарапах, пінгвінаў, цюленяў і пад.), пальцы якой злучаны перапонкай. Маржы зарохкалі, заварушыліся і павярнулі да людзей, нязграбна рухаючы сваімі ластамі-лапамі. Маўр.

2. пераважна мн. (ла́сты, ‑аў). Прыстасаванне ў выглядзе вясла для палягчэння плавання пад вадой, якое надзяваецца на ногі плыўца. Віця прыладзіў да ног белагаловага [хлопчыка] ласты .. і падаў, нарэшце, маску. Гамолка.

ласт 2, ‑а, М ‑сце, м.

Адзінка вымярэння вагі карабельнага грузу, неаднолькавая ў розных краінах і ў дачыненні да розных грузаў.

[Ад гал. last — груз.]

ластано́гія, ‑іх.

Атрад марскіх жывёл з канечнасцямі ў выглядзе ластаў.

ла́стаўка, ‑і, ДМ ‑таўцы; Р мн. ‑тавак; ж.

1. Пералётная птушка атрада вераб’іных з вузкімі вострымі крыламі, вёрткая і хуткая ў палёце. Вясковая ластаўка. Ластаўка беражанка. □ Мы, трое жэўжыкаў, стаім каля плота і назіраем, як над гразкай вуліцай вывіваюцца белагрудыя ластаўкі. Пальчэўскі.

2. (звычайна пры звароце). Разм. Ласкавая назва жанчыны, дзяўчыны, дзяўчынкі. [Дзюмон:] — А ну, адгадай, ластаўка, што я сёння прынёс табе? Шамякін.

3. Гімнастычная фігура, пры якой пастава цела нагадвае птушку ў палёце.

•••

Першая ластаўка — пра першыя прыкметы з’яўлення чаго‑н.

ла́стаўчын, ‑а.

Які належыць ластаўцы (у 1 знач.). Ластаўчына гняздо.

ласу́н, ‑а, м.

Той, хто любіць паласавацца. [Сакоўскі:] — Толькі глядзіце, ягадныя ласуны, не аб’ядайцеся залішне. Якімовіч. Калі доўга есці адну і тую ж патраву, хоць самую і найсмачнейшую, дык яна нават і ласуну надакучыць. Чорны.

ласу́нак, ‑нку, м.

1. Што‑н. вельмі смачнае; улюбёная страва. Хатнія ласункі. □ Грыбы [госці], вядома, хвалілі, дый удаваліся яны такія, што маглі лічыцца ласункам. Лужанін. [Чайкі] то стралой узнімаюцца ўгору, то куляй ляцяць уніз за ласункамі, якія пасажыры кідаюць за борт. Філімонаў.

2. звычайна мн. (ласу́нкі, ‑аў). Салодкія кандытарскія вырабы і наогул усё смачнае; прысмакі. Танкісты пачалі дзецям соваць ласункі, хто галеты, хто цукар. Няхай. У парк рэдка хто заглядваў, і мядзведзям ужо не прыносілі ніякіх ласункаў. Даніленка.

ласу́ха, ‑і, ДМ ‑сусе, ж.

Жан. да ласун.