Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лапаце́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лапацець, а таксама гукі гэтага дзеяння.

лапаце́ць, ‑ціць; незак.

Тое, што і лапатаць (у 1 знач.). Грэбляй цягнуліся з торфам фурманкі, услед за імі лапацеў гусенічны трактар. Кірэйчык.

лапа́цісты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Падобны па форме на лапату. Падмятаў тратуар невысокі каржакаваты стары з лапацістаю рыжаю барадою. Якімовіч.

лапа́ціць, лапачу, лапаціш, лапаціць; незак., што.

Разм. Перасыпаць што‑н. лапатаю. Лапаціць збожжа.

ла́паць 1, ‑пця; Р мн. ‑пцей; м.

1. Сялянскі абутак, плецены з лыка, бяросты ці вяровак. Лазовыя лапці. Вяровачныя лапці. □ Сівабароды стары ў сівым армяку, у лапцях, з торбай, стаяў ля пераезду, паклаўшы рукі на кій. Хадкевіч.

2. перан. Разм. пагард. Пра адсталага, некультурнага чалавека.

•••

Абуць у лапці гл. абуць.

На лапці не аб’ехаць гл. аб’ехаць.

Плесці кашалі з лапцямі гл. плесці.

ла́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Разм. Хапаць, мацаць рукамі. [Груня:] Адыдзі! Раней вытры нос, а потым лапай... Гурскі. Маці цяжка ўздыхала, ўпоцемку лапала па чарэні — намацвала лучыну. Капыловіч.

лапіда́рнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць лапідарнага; сцісласць, выразнасць (стылю, формы). Лапідарнасць выказвання.

лапіда́рны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Сціслы, але выразны, зразумелы (пра стыль, форму пісьма). Лапідарны стыль.

[Ад лац. lapidarius — рэзчык па камені.]

ла́пік, ‑а, м.

Разм.

1. Лапіна. Дзе-нідзе ля вёскі з-пад снегу віднеліся лапікі чорнай зямлі. Гроднеў. Дзядзька Лаўрэн і дзядзька Антон узаралі лапік поля і штосьці пасеялі. Грамовіч.

2. Латка (у 1 знач.). Прышыць лапік.

ла́піна, ‑ы, ж.

1. Пляма іншага колеру на чым‑н. Магутныя ногі птушак ашчарэпілі жардзіну. Белыя лапіны на плячах [іх] нагадвалі пагоны. Беразняк. Яблыневыя цені і сонечныя лапіны на зямлі заскакалі і пераблыталіся. Чорны. // Мясціна, якая чым‑н. вылучаецца на агульным фоне. Між лесу пракідаліся лапіны сенажаці. Мурашка. На чарнаце пажарышчаў добра былі відны чыстыя лапіны замеці і языкі сумётаў. Мележ. // Прагаліна. На палях, асабліва на ўзгорках, ад сонца адна за адной з’яўляліся праталіны, з-пад снегу выступалі чорныя лапіны зямлі. Краўчанка. Дарогу злёгку зацерушыла снегам. Там-сям відны асфальтаваныя лапіны. Кавалёў.

2. Разм. Невялікі кавалак зямлі. З гаспадаркі ўсяго і было ў таго чалавека, што лапіна зямлі на ўзгорку. Якімовіч. [Касперскі:] І ўсё [Бондар] засеяў? [Рымша:] Ні лапіны не пакінуў. Гурскі.

ла́пісты, ‑ая, ‑ае.

З вялікімі лапамі. Гонкія сосны стаялі ўперамежку з лапістымі елкамі. Сіняўскі. // Падобны на лапу (пра лісце раслін). Лапістае лісце.