Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

змо́ршчынка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Памянш. да зморшчына; невялікая зморшчына. Ля куточкаў ласкавых матчыных вачэй разбегліся зморшчынкі. Даніленка. Вайсковая форма на ім як на ляльцы, шырокія Грышкавы грудзі аблягае афіцэрскі фрэнч без адзінай зморшчынкі. Лось.

змо́ршчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. Сабрацца ў маршчыны, складкі. Твар зморшчыўся. □ Адам прыплюшчыў вочы, і ў яго зморшчыўся лоб. Чорны.

2. Зморшчыць твар, скрывіцца ад чаго‑н. непрыемнага. Ваўчок зморшчыўся, як моршчыўся заўсёды, калі размова заходзіла пра новую і клапатлівую справу. Хадкевіч. Алік толькі паспытаў суп і зморшчыўся. Ваданосаў.

3. Заўчасна пахудзець, пастарэць, усохнуць (ад гора, нялёгкага жыцця). Паліт, калі ад’язджаў [у Амерыку], быў кучаравы, стройны дзяцюк, а вярнуўся лысы, як той бубен. Згорбіўся, зморшчыўся Паліт. Бялевіч.

4. Пакрыцца складкамі, няроўнасцямі; пакарабаціцца, усохнуцца. Грыбы зморшчыліся так, што нават не было чаго есці. Маўр. [Яблыня] раптоўна пачала чэзнуць, вянуць. Лісточкі і пялёсткі зморшчыліся. М. Ткачоў.

змо́ршчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Зрабіўшы грымасу, сабраць у маршчыны, складкі. Зморшчыць лоб. Зморшчыць твар. □ Даша зморшчыла нос і, нібы ўжо сама не радая сваім роспытам, пачырванела. Ракітны.

змо́тванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. змотваць — зматаць.

змо́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да зматацца.

2. Зал. да змотваць.

змо́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да зматаць.

змо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. змотваць — зматаць.

змо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змоўк, ‑ла; зак.

1. Перастаць раздавацца, сціхнуць (пра гукі). Песня змоўкла. □ Змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Гоман працы змоўк у полі, Сціхлі гукі за ракой. Гілевіч.

2. Перастаць гаварыць, крычаць, пець і пад.; замоўкнуць, заціхнуць. Мікіта Мінавіч на хвіліну змоўк і зноў абвёў усіх спакойным поглядам. Кулакоўскі. Недзе далёка зноў закукавала зязюля і адразу змоўкла. В. Вольскі. / Пра музычны інструмент, радыё, тэлефон і пад. Ужо і радыё змоўкла, але сама [Маша] ніяк не магла заснуць. Гроднеў. // Спыніць стральбу (пра агнястрэльную зброю). Кулямёт змоўк. □ Самаходка тым часам змоўкла, затое ротныя мінамёты пачалі біць раз-поразу. Кулакоўскі. // Перастаць напаўняцца гукамі, гоманам і пад. Неяк нечакана змоўкла вёска, не чуваць было ні галасоў, ні шуму машын. Шамякін. Не інакш, як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык.

змо́ўнік, ‑а, м.

Тое, што і змоўшчык.

змо́ўніца, ‑ы, ж.

Жан. да змоўнік.