зга́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм. Успамін. У яе раскіданых думках найбольш было згадак пра брата. Мележ. Зорка Венера ўзышла над зямлёю, Светлыя згадкі з сабой прынясла... Багдановіч.
згайдану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Тое, што і гайдануцца.
згайдану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Тое, што і гайдануць.
згалабу́рдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
Разм. зніж. Зваліць як папала, стоўпіць каго‑, што‑н. Яшчэ нейкі каморнік з’явіўся, яшчэ і яму плаці. Тут гэта назнарок падстроена багатырамі, .. ды разам з сабою беднякоў у адну кучу згалабурдзяць. Чорны.
згалада́лы, ‑ая, ‑ае.
Які доўга цярпеў голад; знясілены ад працяглага недаядання. Згаладалыя людзі ледзь варушацца, яны ўжо не маюць сілы нават трымаць рыдлёўку. Мікуліч. // Які прагаладаўся; галодны. Каб .. паказаць сябе не такім ужо згаладалым, Ота жуе ежу марудна. Бядуля. Згаладалыя за дзень, падпольшчыкі ўзялі лыжкі. Крупнік быў густы, смачны. Новікаў.
згалада́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Нацярпецца голаду; знясіліцца ад працяглага недаядання. — Згаладаўся... Сілы зусім мала. Вы ўжо не крыўдуйце, што аб’еў вас тут. Каліна. // Прагаладацца. — Ты ж згаладаўся ў дарозе. Хадзем на кухню. Савіцкі.
2. перан.; па чым. Доўга не маючы чаго‑н., адчуць вострую неабходнасць у гэтым. За хараство, ды вось за гэту цёплую ўсмешку і ўзяў Юзік Зосю. Згаладаўся ён у панурай суровай сям’і па ласкавым слове ды прыветнай усмешцы. Крапіва.
згалада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Тое, што і згаладацца. Ганька за дарогу змарылася, змерзла, згаладала. Васілевіч.
згале́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Голы, апусцелы (пра дрэвы, нівы і пад.). Дзе-нідзе трапляліся цэлыя дзялянкі зусім згалелых дрэў, і лес сумна хваляваў пустэчай. Мележ. Згадай гэты дзень залаты, што над пушчай, згалелымі пожнямі рассыпаў залатыя лісты. Дубоўка.
2. перан. Вельмі бедны, збяднелы. Нялёгка было згалеламу шляхцюку служыць сярод багатай знаці, але к трыццаці гадам і ён стаў паручнікам. С. Александровіч.