Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дубка́, прысл. (звычайна са словамі «стаць», «станавіцца»).

На заднія ногі, вертыкальна. Коні фыркалі, дымілі ноздрамі.. Некаторыя падымаліся дубка. Бядуля. // перан. Насуперак, наперакор. — Я накрычаў на.. [Стасю]. Яна дубка супраць мяне! Ермаловіч.

дубле́нне, ‑я, н.

Апрацоўка футра і скур вымочваннем у спецыяльных растворах. Дубленне аўчын.

ду́блены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад дубіць.

2. у знач. прым. Выраблены дубленнем. Дубленая скура. // Зроблены з футра або скур, апрацаваных дубленнем. За сталом у чырвоным дублёным кажусе сядзеў выселкаўскі брыгадзір Лявон Гарнастай. Навуменка.

дубле́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Адзін з двух аднолькавых прадметаў; другі экземпляр якой‑н. рэчы ў калекцыі, бібліятэцы і пад. Дублет кнігі.

2. Адначасовы выстрал па адной цэлі з двух ствалоў паляўнічай стрэльбы.

3. Падроблены каштоўны камень, склеены з дзвюх частак, з якіх толькі верхняя з’яўляецца каштоўным каменем.

[Фр. doublet.]

дубле́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дублета, з’яўляецца дублетам. Дублетны фонд бібліятэкі. Дублетны экземпляр.

дублёны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дублены (у 2 знач.). З хаты дыхнула цеплынёй і пахам дублёнай аўчыны. Кулакоўскі. Высокі маўклівы партызан у чорным дублёным кажушку сабраўся быў ужо ісці. Васілевіч.

дублёр, ‑а, м.

1. Той (тое), што паралельна з кім‑, чым‑н. выконвае аднолькавую работу, функцыі. Прадпрыемства-дублёр. Дублёр касманаўта.

2. Акцёр, які замяняе асноўнага выканаўцу ролі.

[Фр. doubleur.]

дубліка́т, ‑а, М ‑каце, м.

Другі экземпляр якога‑н. дакумента, які мае аднолькавую юрыдычную сілу з арыгіналам. Выдаць дублікат. Дублікат атэстата. // У выдавецкае справе — дадатковы экземпляр часткі рукапісу, якая рыхтуецца да набору асобна. Дублікаты табліц.

[Лац. duplicatus — падвоены.]

дубліка́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дубліката, прызначаны для яго. Дублікатны бланк.

дублі́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дубліраваць.